viasna on patreon

Вадзім Цыкуноў агаварыў сябе, бо яго збілі міліцыянты і пагражалі катаваннямі

2021 2021-02-24T19:39:00+0300 2021-02-25T12:45:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cykunou_gomel_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Цыкуноў у судзе. Фота "Гомельская Вясна"

Вадзім Цыкуноў у судзе. Фота "Гомельская Вясна"

Як піша "Гомельская Вясна", у судзе Чыгуначнага раёну працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 39-гадовага Вадзіма Цыкунова. Гамельчука абвінавачваюць па двух артыкулах: па ч. 3 арт. 339 КК “Хуліганства” (кінуў два “кактэйлі Молатава” ў “Табакерку”) і ч. 2 арт. 295-3 КК "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў".

Справу вядзе суддзя Яўген Шаршнёў.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2020 года Вадзім Цыкуноў вырабіў два “кактэйля Молатава” і кінуў у “Табакерку” па вуліцы Алімпійская, чым прычыніў шкоду ў памеры 26 рублёў. Матыў яго ўчынку - "палітычная варожасць". Мужчына быў затрыманы на прыканцы лістапада 2020 года і з таго часу знаходзіцца пад вартай. 

"Вырабіў два “кактэйля Молатава" і кінуў у “Табакерку”. У Гомелі пачаўся суд над Вадзімам Цыкуновым

Як раней паведамляла Белта, "гамяльчук вырашыў выказаць незадаволенасць дзеючай уладай: прывёз з дачы адпрацаванае машыннае масла і заліў у дзве шкляныя бутэлькі, зрабіў кноты. Увечары 25 кастрычніка мужчына падышоў да кіёска, падпаліў кноты і кінуў па чарзе дзве бутэлькі з вадкасцю ў бок "Табакеркі".

Да гэтага ў працэсе былі дапытаны сведкі. Прыяцель Цыкунова Андрэй Калінін распавёў, што ў размове з падсудным пра палітычную сітуацыю ў краіне  апошні казаў, што трэба радыкалізавацца - нанесці шкоду адміністратыўнаму будынку, бо мірныя пратэсты нічога не даюць, трэба наносіць максімальную шкоду. Сведка казаў Цыкунову, што не ўхваляе такія метадды і пазней ён сам вырашыў даць паказанні следчым. 

У паказаннях Калініна былі заўважаныя разыходжанні - ў судзе і на папярэднім допыце. 17 лістапада ён казаў, нібыта падсудны прапаноўваў яму падпаліць ці падарваць "Табакерку", ускосна далучыцца да яго. 

"Мяне дапытвалі сем гадзінаў, і я хацеў хутчэй выйсці адтуль, мяне следчыя ўвесь час запытвалі пра “Табакерку”, таму я сказаў так. Цяпер я дакладна памятаю толькі пра радыкалізацыю і неабходнасць нешта размаляваць, спаліць", - адзначыў у судзе сведка Калінін. 

Пасля гэтага быў дапытаны сведка Брытаў, які паказаў, што ўбачыў сполах полымя і мужчыну з пляшкай: 

"Ён кінуў пляшку у “Табакерку”. Яна разбілася побач з кіёскам. Бачыў нейкае полымя, а мужчына апусціўся, потым падняўся з другой запаленай пляшкай, падчас замаху з бутэлькі ўпаў кнот на спіну, кінуў яе непадпаленую. Куды трапіла не было бачна. Тады мужчына нахіліўся і пайшоў за гаражы з белым пакункам у руках".

"Табакерка" не гарэла, толькі месца каля яе". Што казала сведка па справе Вадзіма Цыкунова

У судзе Чыгуначнага раёну Гомеля 15 лютага працягваецца працэс над Вадзімам Цыкуновам, якога вінавацяць у спробе падпала “Табакеркі” кактэйлем Молатава, піша "Гомельская Вясна".

23 лютага ў судзе адбыўся допыт абвінавачанага Вадзіма Цыкунова. Падсудны падцвердзіў, што ў размове з прыяцелем Калініным казаў, што трэба радыкалізавацца, рабіць больш прасунутыя рэчы, але нічога канкрэтнага не прапаноўваў.

"25 кастрычніка я прыехаў з дачы і прывёз з сабой адзін літр атработанага маторнага масла, якое мне трэба для працы зваршчыка. Я яго пакінуў каля пад’езда дома, дзе жыву. Гэта пластмасавая бутэлька. Падняўся дадому. Мне патэлефанаваў сябра, запрасіў пакатацца на роварах. Я спазніўся на сустрэчу. У яго было піва, мы выпілі і паехалі катацца. Селі на беразе Сажа. Я вярнуўся дадому, паставіў ровар і пайшоў у краму па гарэлку. Выпіў гарэлку каля пад’езду, але дадому не хацеў ісці, хацеў яшчэ сустрэць сяброў, паразмаўляць.

Нікога не было ў двары, вырашыў прайсціся. Калі ішоў паўз бакаў са смеццем, убачыў дзве светлыя бутэлькі і ў мяне ўзнікла ідэа стварыць гаручую вадкасць. Дома я ўзяў кавалак прасціні, запалкі, апрануў куртку, дзе былі пальчаткі і ізалента чорная. Пайшоў шукаць бязлюднае месца, каб праверыць вогненную бутэльку. Пайшоў да лесапаласы. Наліў у бутэлькі шкляныя масла пораўну і закаркаваў анучкай, каб можна было падпаліць, і заматаў ізалентай, каб не пралілася", - распавёў Вадзім Цыкуноў.

Кажа, што ў яго не было мэты падпальваць нешта канкрэтнае і наносіць некаму шкоду. Ён убачыў неасветленае месца паміж сцяной і гандлёвым павільёнам з супынкам, агледзеўся і падумаў, што месца падыходзіць: не было людзей, а супынак выглядаў непрацоўным. Цагляная сцяна перашкаджала пажару, а да аўтамабіляў было далёка.

"Я падпаліў вогненную пляшку запалкай і кінуў яе паміж супынкам і сцяной на вызначанае мной месца на асфальце. Бутэлька ўпала, анучка выляцела, вадкасць выцякла, сама пляшка не разбілася. Другую пляшку я запаліў і хацеў кінуць у тое самае месца, але нешта не разлічыў, і яна ўпала на плітку ля супынку. Анучка з першай пляшкі яшчэ гарэла, я падыйшоў і затаптаў. Другая пляшка разбілася і загарэлася. Я паклаў масла ў пакунак і сышоў з таго месца. На шляху дадому я выкінуў пальчаткі, ізаленту, рэшту масла ў сметніцу".

Падчас кідання пляшак ён не фатаграфаваў і не здымаў на відэа.

18 лістапада Вадзіму Цыкунову патэлефанавалі і сказалі, што яго машына, якую ён прадаў пад распіску, нібыта трапіла ў аварыю, і яму трэба ехаць у ДАІ на вочную стаўку.

"Мяне сустрэлі два чалавека, яны паказалі пасведчанні, прапанавалі прайсці ў аўтамабіль, запыталіся ці ёсць забароненыыя рэчы, папрасілі выключыць мабільны тэлефон. Даставілі мяне ў АУС Цэнтральнага раёну, там прапанавалі разблакаваць тэлефон, але я адмовіўся. Я сядзеў на крэсле пасярэдзіне пакоя, злева, справа і ззаду былі супрацоўнікі міліцыі. Той супрацоўнік, што быў злева, ударыў мяне ў вуха, я адчуў моцны боль і шок. У крэсле зламаліся пярэднія ножкі. Справа міліцыянт, відаць начальнік, пагражаў, што падвесіць на кайданках і мяне будуць біць. Спыталі, ці зрабіў я нейкае злачынства. Я напісаў прызнанне, што кінуў пляшкі з маслам. Потым былі паказанні на месцы, вобшук у кватэры. Тэлефон забралі".

19 лістапада абвінавачанага адвезлі ў ізалятар, дзе ён адразу лёг спаць. У той жа дзень яго завялі ў пусты пакой са сталом, дзе былі двое мужчын. Яны не прадставіліся, пачалі пытаць, як Цыкуноў кідаў пляшкі.

"Я сказаў, што ўжо даваў адпаведныя паказанні, што не было загадзя ўмыслу зрабіць вогненныя пляшкі, а жаданне зрабіць іх узнікла спантанна. Ім гэтая версія, відаць, не падабалася. Яны пачалі казаць, што я менавіта хацеў падпаліць “Табакерку” і надалей падпальваць кіёскі. Калі не пагаджуся падпісаць такія паказанні, яны мяне абвінавацяць у падпале іншых кіёскаў, адвязуць у турму КДБ, дзе са мной ніхто не будзе цэрымоніцца. Потым нарэшце яны запісалі на мабільны, што я менавіта хацеў падпаліць “Табакерку”. Я апасаўся за сваё здароўе, бо памятаў, як па вуху ўдарылі. Пасля гутаркі ў ізалятары я памяняў свае паказанні".

Па словах падсуднага, следчыя прадыктавалі яго новыя паказанні, што нібыта пасля выбараў ён быў незадаволены існуючай уладай і, ведаючы, што “Табакеркі” часткова дзяржаўныя, хацеў зрабіць ім шкоду. Але мужчына раней не задумваўся ніколі аб тым, чые гэтыя кіёскі.

"Мяне адпусцілі з ізалятару пад падпіску аб нявыездзе. Я наведаў доктара - лора. У мяне была пашкоджана барабанная перапонка: кепска чуў, быў прыглушаны гук. Доктар прызначыла лячэнне. 

Я звяртаўся ў міліцыю з заявай аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці невядомага мне супрацоўніка, які мяне збіў 18 лістапада. Пачалася праверка, следчы выняў з медычнай карткі заключэнне лекара, дзе былі ўказаныя дыягназ і лячэнне. Вынік праверкі – адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы".

Пасля гэтага Вадзіма Цыкунова змясцілі ў СІЗА, а лекі для вуха перадалі толькі праз месяц.

"Паўтаруся, я даў паказанні, што хацеў падпаліць менавіта “Табакерку”, бо на мяне міліцыянты аказалі псіхалагічны ціск і прычынілі мне цялесныя пашкоджанні. Я апасаўся за сваё жыццё і здароўе.

Сёння я настойваю, што кідаў пляшкі без матыву. Хацеў толькі праверыць як гараць.

Я прызнаю, што кідаў пляшкі і ў выніку была пашкоджана плітка (асфальт) ля супынку. Шкоду я сплаціў ужо - 26 рублёў 36 капеек. Хаця сведкі казалі, што сам кіёск не пацярпеў ніяк.

Я раскайваюся катэгарычна толькі ў тым, што зрабіў нічым не матываваны, спантанны ўчынак. Ніякага намеру псаваць сцяну, супынак не было", - зазначыў падсудны.

Суддзя Шэршнёў зачытвае паказанні, якія Вадзім Цыкуноў даваў на папярэднім следстве:

“25 кастрычніка мы з прыяцелем не абмяркоўвалі палітыку, выпілі піва, потым я купіў гарэлку і выпіў. Пасля я ўбачыў 2 шкляныя пляшкі ля мусарнага баку і мне стукнула ў галаву зрабіць “кактэйль Молатава”. Да гэтага за тыдзень я шукаў інфармацыю як гэта робіцца. 24 кастрычніка я з вёскі прывёз адпрацаванае масла. Я разліў масла ў пляшкі, закаркаваў прасцінёй і абматаў ізалентай. Узяў пляшкі, пайшоў да “Табакеркі”, хацеў кінуць і паглядзець, ці загарыцца. Кінуў першую пляшку, яна не разбілася. Загарэлася і патухла, я кінуў другую пляшку ў “Табакерку”. Я ведаў, што “Табакерка” была закрыта, я хацеў прынесці шкоду дзяржаве, а не грамадзянам. Тэлефон з сабой не браў”.

Суддзя пытаецца ў абвінавачанага, чаму той даваў падчас следства іншыя паказанні.

“Паказанні гэтыя чытаў ад 20 лістапада і падпісваў, бо 19 лістапада са мной такія паказанні адрэпетавалі следчыя ў ізалятары, гэта яны мне так загадалі казаць.

Я даведаўся як вырабляюцца “кактэйлі” з фільмаў пра вайну.

У першых паказаннях я называў гэтыя пляшкі “вогненныя бутэлькі”. Я не называў іх “кактэйлямі”, гэтак казалі ўвесь час следчыя. Для мяне “Кактэйль Молатава” – алькагольны напой”, – распавёў Вадзім Цыкуноў.

Судовыя спрэчкі па справе адбудуцца 2 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства