Мінчука асудзілі на год “хатняй хіміі” за ўдар па машыне ДАІ. Шкоду ацанілі амаль у 15 рублёў
Суд Цэнтральнага раёна 17 снежня асудзіў па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) 46-гадовага мантажніка Паўла Янкоўскага за ўдар нагой па бамперу аўтамабіля ДАІ на нядзельным маршы "Народная інаўгурацыя". Шкоду ацанілі ў 14 рублёў 82 капейкі. Суддзя Юлія Густыр прызнала мінчука вінаватым і пакарала яго годам абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Паўла ўтрымлівалі пад вартай паўтары месяцы і вызвалілі ў залі суда. "Вясна" распавядае пра суд.
Дзяржаўнае абвінавачванне па гэтай справе падтрымліваў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў. Сведкамі выступалі супрацоўнік ГУУС Мінгарвыканкаму Валерый Сяргееў (дадзеныя зменены) і супрацоўнікі Упраўлення ДАІ Мінгарвыканкаму Аляксандр Здановіч і Сяргей Мархаток.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска абвінаваціў Паўла Янкоўскага ў тым, што 27 верасня ён на перакрыжаванні вуліц Багдановіча і Машэрава каля “Белай вежы” нагой ўдарыў па бамперу аўтамабілся ГАІ, чым здзейсніў злоснае хуліганства.
Паўла Янкоўскага затрымалі 30 кастрычніка па падазрэнні па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — 339 (хуліганства) і 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі) па падзеях 27 верасня на нядзельным маршы "Народная інаўгурацыя". Але абвінавачанне па арт. 364 КК было знятае падчас следства, бо не знайшло свайго пацверджання. Амаль паўтары месяцы яго ўтрымлівалі пад вартай у турме ў Жодзіна. Павел распавёў, што ў гэты час яго паспелі асудзіць па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 27 верасня. Суд аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). У пастанове пазначылі "у суд не з'явіўся", хаця ў гэты час ён утрымліваўся пад вартай і фізічна гэта зрабіць не мог.
Сведка Валерый Сяргееў 27 верасня ажыццяўляў аператыўную здымку і зафіксаваў на фота, як 46-гадовы Павел падбег да аўтамабіля ГАІ і ўдарыў наском красоўка па заднему бамперу. Ці ўдзельнічаў авінавачаны ў самім Маршы і ці выкрыківаў якія-небудзь лозунгі — гэты супрацоўнік міліцыі не ведаў.
Па сведчаннях супрацоўнікаў ГАІ, якія блакавалі дарогу каля “Белай вежы”, яны знаходзіліся ў аўтамабіле з нумарам 26-60 ММ7 і збіраліся з’язджаць з перакрыжавання, як адчулі ўдар ззаду па бамперу і ўбачылі Паўла Янкоўскага. Ад’ехаўшы на бяспечную адлегласць, яны выйшлі з машыны, агледзелі пашкоджанні і заўважылі драпіну, аб чым заявілі кіраўніцтву. У выніку быў складзены рапарт аб пашкоджанні аўтамабіля неўстаноўленай асобай. Працы па аднаўленню пашкоджанняў склалі 14 рублёў 82 капейкі.
На судзе Павел прызнаў віну. Ён сказаў, што сапраўды ўдарыў аўтамабіль ДАІ “на эмацыйнай глебе, у чым шчыра раскайвацца”.
З улікам станоўчай характарыстыкі Янкоўскага на працы, а таксама сумеснага пражывання з маці 79 гадоў, наяўнасці ў яго жонкі інваліднасці і поўнай выплаты шкоды за пашкоджаны аўтамабіль ДАІ, пракурор Цвяткоў прасіў суд прызначыць пакаранне ў выглядзе аднаго году абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і вызваліць яго ў залі суда. Суддзя Юлія Густыр прызначыла менавіта такое пакаранне.