Пастаяў у счэпцы – крымінальная справа. Гісторыя палітвязня Алега Мазгова
Па стане на вечар 5 кастрычніка ў Беларусі 77 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. Адным з палітвязнем з'яўляецца 25-гадовы спартсмен Алег Мазгоў. За ўдзел у мітынгу 9 жніўня ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў. Жонка Алега распавяла яго гісторыю "Вясне".
Да затрымання Алег працаваў у Мінску фітнес-трэнерам, займаўся боксам. Як распавяла жонка Алега, яна знаходзіцца на 5-ым месяцы цяжарнасці, а 8-га лістапада будзе год з іх вяселля. Да арышту Алег уладкаваўся на другую працу грузчыкам, каб зрабіць дома рамонт і падрыхтавацца да нараджэння дзіцяці.
Па словах жонкі, раней Алег наогул не займаўся грамадскім актывізмам або палітыкай. 9 жніўня ён выйшаў на вуліцы Мінска ў знак нязгоды з вынікамі выбарамі, а праз тры тыдні пасля гэтага яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
«Затрымалі Алега 1-га верасня наўпрост на працы. Дома я была адна, спала. Мяне абудзілі і падманам прымусілі адкрыць дзверы. Калі адкрыла, то адштурхнулі ад дзвярэй і пачалі пераварочваць кватэру. Забралі ўсю тэхніку: ноўтбук і планшэт. Іх да гэтага часу не вярнулі», – распавядае жонка Алега Мазгова.
Жонка Алега прадаставіла "Вясне" фота, дзе ён знаходзіцца на мітынгу, але яна ўпэўненая, што ён нічога ламаць, а тым больш біць кагосьці не мог:
"Алег вельмі таварыскі і мірны чалавек, любіць людзей. У тым, што ён нікога не біў і нічога не ламаў я ўпэўненая на 100%. Ні разу не прыцягваўся да адказнасці. Сірата з 18-ці гадоў".
17 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Мазгова палітвязням. Праваабаронцы лічаць яго абвінавачванне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі") палітычна матываваным пераследам у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзесяць праваабарончых арганізацый Беларусі запатрабавалі ад уладаў неадкладнага вызвалення з-пад варты палітвязня Алега Мазгова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго.
На гэты момант Алег ужо месяц утрымліваецца ў СІЗА №1 у Мінску.
"Першы ліст ад яго прыйшоў 18-га верасня. Піша, што вельмі шкадуе, што прапускае такія важныя моманты ў жыцці і не можа быць на ўзі са мной. Ён яшчэ не разу не бачыў дачку. Піша, што вельмі нас любіць і абавязкова вернецца дадому. Я пішу яму амаль кожны дзень.
Мне вельмі цяжка без яго. Акрамя Алега, ніякіх родных і блізкіх у мяне тут няма. Мы вельмі кахаем адзін аднаго і я не ўяўляю жыцця без яго", – расказвае жонка палітвязня.
Адрас для лістоў Алегу: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |
Гісторыі іншых палітвязняў па падзеях 9-13 жніўня ў Беларусі:
У Беларусі чатыры жанчыны-палітзняволеныя. За што іх пераследуе дзяржава?
"Штаб на 17-м паверсе гасцініцы "Беларусь". За што дзяржава пераследуе дваіх сяброў?
"Здымаў на тэлефон, у справе — кінуў палку ў АМАП". Як пінчука абвінавачваюць у масавых беспарадках
"Да гэтага года Юра, як і большасць людзей у нашай краіне, быў апалітычны". Гісторыя палітвязня