У Беларусі ўзбудзілі яшчэ дзве крымінальныя справы па "масавых беспарадках"
Праваабаронцам "Вясны" 25 верасня стала вядома аб узбуджэнні двух крымінальных спраў у Беларусі па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі"). У рамках крымінальных справаў паводле гэтага артыкула затрыманыя 18-гадовы актывіст з Заслаўя Іван Красоўскі і магілёвец Аляксей Пахомаў.
Днём 25 верасня стала вядома, што ў дачыненні да Івана Красоўскага распачатая крымінальная справа. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
Іван перастаў выходзіць на сувязь увечары 24 верасня. Ён дамовіўся сустрэцца з сябрамі, але на сустрэчу так і не прыйшоў. Апошні раз напісаў сябрам каля 19 гадзін, што каля яго знаходзяцца невядомыя людзі, і калі ён не прыйдзе, то магчыма, яго затрымалі. Пазней стала вядома, што Івана Красоўскага змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Днём 25 верасня стала вядома, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы.
Раней Івана затрымлівалі 12 жніўня на вакзале ў Мінску. Івана моцна збівалі ў РУУС і на Акрэсціна. Яго прымусілі падпісаць шмат папер, сярод якіх — пратаколы, позва ў войска. Іван не меў магчымасці нават убачыць, якія пратаколы ён падпісвае. З Акрэсціна хлопца з траўмамі забрала "хуткая дапамога". На свабодзе Іван апынуўся ў інваліднай калясцы. Суда па падпісаных Іванам пратаколам не было.
Таксама, як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны", 25 верасня ГУБАЗіК затрымаў у рамках крымінальнай справы паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса магілёўца Аляксея Пахомава. У чым канкрэтна падазраецца Аляксей — пакуль невядома.
Каля 13 гадзін дня да Аляксея Пахомава ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК з пастановай на ператрус і арышт. Пасля ператрусу яго адвезлі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Адтуль, як паведамілі бацькам, Аляксея Пахомава павезлі ў Мінск.