viasna on patreon

Затрыманы ў Светлагорску: калі прыводзілі новых, то прымушалі паўзці на жываце наперад і называлі гэта "дэрбі" і "тэтрыс"

2020 2020-08-18T12:56:53+0300 2020-08-18T14:47:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kazmerchyk_anto.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Антон Казмерчук

Антон Казмерчук

Антон Казмярчук быў затрыманы ў Светлагорску ўвечары 10 жніўня падчас акцыі пратэсту. На яго склалі два пратаколы - па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і на наступны дзень асудзілі на 11 сутак арышту. Адбываць іх Антона адправілі ў светлагорскі ЛПП, аднак праз чатыры дні яго выпусцілі, як і іншых затрыманых. Ён распавёў «Вясне» пра тое, як міліцыя і АМАП абыходзіліся з ім ды іншымі затрыманымі.

Па словах Антона, "непадпарадкаваннем" супрацоўнікі палічылі тое, што па шляху ў РАУС хлопец з-за нязручнага абутку спатыкнуўся і не мог хутка ісці, у адрозненні ад супрацоўнікаў АМАП.

"Падчас затрымання мне скруцілі ў "ластаўку". Калі круцілі, то адзін з тых, хто затрымліваюў, нагой наступіў мне на шыю так, што яна баліць да гэтага часу. У РУУС крычалі, каб я ляжаў "пысай у сцяну". Я застаўся ляжаць на падлозе ў кайданках. Спачатку мой тэлефон праглядзелі і забралі. Калі потым хтосьці з супрацоўнікаў крыкнуў "Чый тэлефон?", я падумаў, што мой, сказаў гэта, мне наступілі нагой на локаць і загадалі далей ляжаць "пысай у падлогу".

Па словах Антона, самы запамінальны момант - гэта "тэтрыс" або "дэрбі", як называлі гэта міліцыянты. Калі прыводзілі новых затрыманых, то тым, хто ўжо ляжаў у калідоры РАУС на падлозе, прымушалі паўзці на жываце наперад.

"Я паўзці не мог, бо спачатку быў у «ластаўцы» і дыханне заняло, а потым лежачы на жываце з рукамі ў кайданках за спіной зразумеў, што я фізічна не магу. Тады мяне міліцыянты падхоплівалі падчас гэтага "тэтрыса" на рукі, абзывалі "рахітам" і цягнулі наперад, ледзь прыпадняўшы. Рэбры з-за «дэрбі» баляць усе 4 дні".

Калі на Антона афармлялі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, здзекі працягваліся. Амапаўцы пастаянна падганялі яго, і таму Антон паспеў напісаць у пратаколе толькі "не згодны". А іх старэйшы працягваў абражаць яго. Прагучала фраза: "Ты такі рахіт, а вось калі цябе гэтай дубінкай...".

На судзе Антон Казмярчук паведаміў, што ў яго праблемы з ныркамі і яму неабходныя лекі. Але іх яму так і не перадалі: у маці іх прынялі, але Антону аддалі толькі перад вызваленнем.

Таксама Антон паведамляе, што міліцыянт з аховы ў ЛПП спрабаваў перашкаджаць аказанню яму медыцынскай дапамогі.

"Калі на трэці дзень у ЛПП прыйшлі медработнікі спытаць, як у мяне справы (у мяне была параненая рука яшчэ да затрымання), я папрасіў апрацаваць яе перакісам, на што міліцыянт сказаў: "Хопіць ныць, табе нічога не трэба!". Але медыкі яго не паслухалі і апрацавалі руку".

У дадзены момант Антон Казмярчук абскарджвае рашэнне суда і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства