"Паспрабаваў завесці размову "не для пратаколу": ці паеду я ў Мінск 9 жніўня, ці будуць страйкаваць шахцёры"
Пачаткоўца ютуб-блогера Аляксандра Канановіча з Салігорска затрымлівалі 14 ліпеня на мясцовай плошчы, пасля чаго асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.4 КаАП (супраціўленне супрацоўнікам АМАПа). Як адзначае Аляксандр, па сутнасці, пастанова была вынесеная толькі на падставе паказанняў супрацоўнікаў АМАПа А. Ермачонка і К. Шкрэдава, якія яго затрымлівалі. З прычыны таго, што ў іх паказаннях меліся сур'ёзныя супярэчнасці, і Аляксандр не быў згодны з пастановай суда, ён абскардзіў яе. Аднак пасля гэтай скаргі зацікавіліся ім, а не супрацоўнікамі АМАПу.
Як распавядае Аляксандр Канановіч, 29 ліпеня яму патэлефанавалі і прадставіліся супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення службы ўнутранай бяспекі МУС падпалкоўнікам міліцыі Прыбуцкім. Ён паведаміў Аляксандру, што пачата расследаванне ў дачыненні да супрацоўнікаў АМАПа Ермачонка і Шкрэдава на прадмет неправамерных дзеянняў пры яго затрыманні. Таму ён папрасіў даць паказанні.
"Ён прыехаў да мяне на працу, прад'явіў пасведчанне, на прахадной нам выдзелілі пакой. Пры сабе ў яго быў ноўтбук і прынтэр. Пацікавіўся, ці дадалося ў мяне падпісчыкаў на ютуб-канале пасля той гісторыі з затрыманнем 14 ліпеня. Папярэдзіў пра забарону аўдыёзапісу. Пры гэтым паводзіў сябе ветліва і спагадліва, выклікаючы давер. Я апісаў усе падзеі таго вечара, пасля чаго мне далі азнаёміцца з паказаннямі раздрукаванымі на паперы. Пасля гэтага Прыбуцкі паспрабаваў завесці даверную размову «не для пратаколу». Спытаў, ці шмат у маім асяроддзі людзей выступаюць за дзеючага прэзідэнта, ці паеду я ў Мінск 9 жніўня, ці будуць страйкаваць шахцёры, што будзе пасля выбараў.
На пытанні я адказваў ухіліста. На маё пытанне: «З чаго шахцёрам страйкаваць, бо заробак плацяць добры пакуль», ён адказаў, што потым будзе позна, і на tut.by артыкул добры быў — грошай у бюджэце няма. Пасля чаго пажадаў мне поспехаў і ўсяго добрага. Калі я спытаў, чым скончыцца праверка, ён сказаў, што я ж сам усё разумею, які будзе вынік", — распавядае Аляксандр Канановіч.
3 жніўня Аляксандру на працу зноў патэлефанаваў Прыбуцкі. Ён патлумачыў, што трэба нібыта паставіць пару подпісаў на дакументах, і спытаў, дзе лепш сустрэцца: на працы ці каля яго дома. Аляксандр абраў першы варыянт.
"У гэты раз Прыбуцкі быў не адзін. Супрацоўнікі міліцыі не прад'явілі дакументаў, праўда, адразу я не надаў гэтаму значэння. Мне адразу прад'явілі пастанову пракурора на агляд майго мабільнага тэлефона, бо "на ім могуць знаходзіцца матэрыялы, якія адносяцца да справы". На пытанне, што гэта азначае, мне адказалі, што я павінен даць ім доступ да свайго тэлефоне. Я аддаў ім заблакаваны тэлефон. Калі яны ўбачылі, што тэлефон пад паролем, паспрабавалі мяне ўгаварыць разблакаваць яго, матывуючы гэта тым, што ў адваротным выпадку будзе праведзена дарагая экспертыза, якую я павінен буду аплаціць сам. Таксама палохалі, што ў такім выпадку тэлефон будзе канфіскаваны на працяглы тэрмін (да трох месяцаў), і тым, што будзе праводзіцца праверка ў дачыненні да маіх родных і блізкіх. Але калі я дам доступ да тэлефона, то мне будзе максімум "адміністрацыйка" за выказванне ў інтэрнэце на адрас Ермачонка. Аргументавалі апошняе тым, што "ўсе мы можам мець свае погляды на тое, што адбываецца ў краіне, але абражаць супрацоўнікаў міліцыі нельга". Таксама казалі, што калі я адмаўляюся даць доступ да тэлефона, то мне, напэўна, ёсць што хаваць, якія-небудзь экстрэмісцкія матэрыялы.
Калі я адмовіўся разблакаваць тэлефон, то яго спакавалі ў спецпакет, унутр паклаўшы пратакол канфіскацыі. На маю просьбу даць мне які-небудзь дакумент, які пацвярджае канфіскацыю, адказалі адмовай. Сказалі, што гэта не прадугледжана дадзенай працэдурай, і "наогул — няўжо вы думаеце што вам хто-небудзь будзе падманваць?"
Таксама не далі і копіі пратаколаў канфіскацыі, так як я нібыта не распісваўся ў атрыманні копій. Потым запытваліся, калі я набыў гэты тэлефон, ці ёсць у мяне дадатак telegram і які ў мяне там нік. Потым я наогул адмовіўся ад дачы паказанняў. У пратаколе папрасілі распісацца, што мне было растлумачана права не даваць паказанні супраць сябе, хоць нічога падобнага не было, што я і пазначыў.
Пратаколы падпісваў другі супрацоўнік А. Мароз. Але з-за таго, што ён не прадставіў дакументы, я не ведаю да якой структуры ён прыналежыць. Усё, што адбылося, я расцэньваю як крадзеж майго мабільнага тэлефона".
Што думае пра гэтую сітуацыю юрыст?
Як адзначае юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка, у дадзенай сітуацыі Аляксандру варта было значна раней адмовіцца ад пазапрацэсуальных зносін з супрацоўнікам МУС, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі, які прадугледжвае права на сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх.
"Цалкам відавочна, што супрацоўнік МУС, паспрабаваўшы "разгаварыць", захоча яшчэ і паглядзець перапіску грамадзяніна ў мэсэнджарах. Аб падобных метадах працы нам распавядалі грамадзяне, якія апынуліся ў поле зроку праваахоўнікаў у сувязі з датычнасцю да telegram-канала «Армія з народам». Пасля адмовы размаўляць канфіскоўвалі тэхніку.
За што пераследуюць падпісчыкаў тэлеграм-канала "Армія з народам"?
Паколькі супрацоўнік МУС спаслаўся на магчымасць канфіскацыі тэхнікі на працяглы тэрмін да трох месяцаў, то хутчэй за ўсё гаворка ідзе аб праверцы ў рамках КПК. Згодна з ч.4 арт.173 КПК максімальны тэрмін правядзення праверкі складае 3 месяцы.
Што ж тычыцца канфіскацыі тэлефона, то на мове крымінальна-працэсуальнага закона гэта працэсуальнае дзеянне называецца выманнем. У дадзеным выпадку былі парушаныя палажэнні ч. 5 арт. 210 КПК, паколькі Аляксандру не была прад'яўлена пастанова аб канфіскацыі, а таксама ч. 4 арт. 212 КПК, паколькі копія пратаколу аб канфіскацыі не была ўручана ўладальніку тэлефона пад распіску.
За падзеі 14 ліпеня ў Мінску следчыя забіраюць тэлефон. Што рабіць?
Парушэнне дадзеных патрабаванняў цягне прызнанне доказаў, якія могуць быць атрыманы пасля вывучэння змест тэлефона, недапушчальнымі. Гэта азначае, што звесткі, атрыманыя з парушэннем Крымінальна-працэсуальнага закона, не будуць мець юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачвання. Гэтыя дзеянні ў тэрміновым парадку неабходна абскардзіць пракурору, менавіта актыўная абарона сваіх правоў будзе спрыяць больш хуткаму вяртанню канфіскаванай маёмасці".