viasna on patreon

"Каму трэба такое правасуддзе?"Адвакат фігурантаў справы Ціханоўскага рэзка выказаўся ў адрас следства

2020 2020-08-04T11:00:40+0300 2020-08-04T11:00:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/001_femida_3_102.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адвакат Уладзімір Сазанчук, які абараняе фігурантаў справы Сяргея Ціханоўскага Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Казлова, назваў беззаконнем тое, што адбываецца вакол яго падабаронных. Аб гэтым паведамляецца на сайце TUT.BY, куды абаронца даслаў свой зварот.

— З'яўляюся абаронцам Статкевіча, пра тое, што 29 ліпеня ў ноч пасля затрымання 32 расейцаў у дачыненні да яго распачатая чарговая крымінальная справа па ўжо вядомым яму па 2010 годзе арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) даведаўся не ад прадстаўнікоў следства, якія павінны былі патэлефанаваць мне і ў маёй прысутнасці абвясціць майму падабароннаму пастанову аб распачынанні гэтай справы, а даведаўся ад жонкі Мікалая — Адамовіч Марыны, якая, у сваю чаргу атрымала гэтую інфармацыю са СМІ. Гэта нармальна, калі следства вядзецца з невыкананнем патрабаванняў працэсуальнага закона? Ненармальна, — адзначае адвакат.

Сазанчук таксама піша, што яшчэ 29 ліпеня падаў скаргі на ўзяцце пад варту сваіх падабаронных Дзмітрыя Казлова (блогер Шэры кот) і Мікалая Статкевіча. Разгляд гэтых скаргаў прызначылі ў адзін і той жа дзень з розніцай у 10 хвілін, а ягоную просьбу перанесці разгляд другой скаргі на гадзіну — праігнаравалі.

— Калі праз 15 хвілін выйшаў з залы пасяджэння па першай справе, і стаў удакладняць, калі будзем разглядаць маю скаргу ў дачыненні да Статкевіча, даведаюся, што яна ўжо паралельна разгледжаная без майго ўдзелу, і суддзя ў дарадчым пакоі ўжо піша пастанову. Кажу, што гэта беззаконне, ведаючы, што ў абодвух арыштаваных адзін абаронца, прызначаць разгляд спраў у адзін час, што гэта парушэнне права арыштаванага Статкевіча на абарону. Каго гэта цікавіць.

Не атрымалася ў адваката абскардзіць пастановы на заключэнне пад варту Мікалая Статкевіча і ў Мінскім гарадскім судзе: сакратарка не толькі адмовілася выдаць на рукі копію судовай пастановы, але і не дала сфатаграфаваць яе, а тэрмін абскарджання такой пастановы абмежаваны.

— Каму трэба такое правасуддзе? — задаецца пытаннем адвакат.

Нагадаем, Уладзімір Сазанчук раней выступаў з крытыкай на адрас следчых, якія вядуць справы яго падабаронных. Так, ён адмовіўся даваць падпіску пра неразгалошванне дадзеных папярэдняга следства.

— Для чаго падпіска? Каб трымаць у таямніцы сакрэт полішынэля, што ніякай справы, ніякага злачынства няма, як такога. І далей нагнятаць пужалкі пра нейкіх судзімых элементаў, затрыманых разам з Ціханоўскім у Гродне, — растлумачыў сваю пазыцыю адвакат.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства