viasna on patreon

Чатырох жлобінцаў пакаралі за чэрвеньскі «ланцуг салідарнасці»

2020 2020-07-10T15:20:31+0300 2020-07-10T15:20:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_malatok22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе Радыё Свабода, у Жлобіне прайшлі чарговыя суды над мясцовымі жыхарамі, якіх міліцыя абвінаваціла ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — «ланцугу салідарнасці» 19 чэрвеня.

Чатырох жыхароў райцэнтру — Пятра Канстанцінава, Пятра Карабанава, сямейную пару Валерыя і Ілону Ткачовых — аштрафавалі на сумы ад 405 да 540 рублёў.

«Мы з мужам 19 чэрвеня гулялі па Жлобіне, размаўлялі, пілі каву, чыталі інфармацыйныя бюлетэні пра палітвязьняў у Беларусі, — паведаміла БелаПАН Ілона Ткачова. — Да нас падышлі два міліцыянты, мы адказалі, што чакаем аўтобус. Яны пайшлі далей».

Жанчына не разумее, якім чынам свабода перамяшчэння была інтэрпрэтаваная міліцыяй як удзел у несанкцыянаванай акцыі.

«Міліцыянт Аляксандар Раманенка ў пратаколе бяздоказна напісаў, што я публічна выказвала пратэст супраць дзейнай улады. Згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, адзінай крыніцай улады ў Беларусі з'яўляецца народ. Я ніколі не выказвала пратэст супраць народу і сама з'яўляюся яго часткай», — кажа Ілона Ткачова.

Абвінавачанні міліцыі яна лічыць надуманымі. Пастановы суду Ткачовы будуць абскарджваць.

Пятру Канстанцінаву і Пятру Карабанава прысудзілі штрафы ў 20 базавых велічынь кожнаму. 

2 ліпеня на 15 сутак быў арыштаваны жыхар вёскі Стрэшын Віталь Грыцкоў. Суд палічыў, што ён удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі: «публічна выказваў пратэст супраць дзейнай улады шляхам ўзняцця рукі ў знак прывітання аўтамабілістаў, якія сігналілі ў падтрымку акцыі».

Яшчэ адну жыхарку Жлобіна, Святлану Зыль, таксама прызналі ўдзельніцай несанкцыянаванай акцыі і аштрафавалі на 405 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства