Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'ера анлайн — на сайце па любых са спасылак тут, альбо тут.
Анонс праграмы на 7 ліпеня:
Хроніка: Яшчэ адна хваля судоў прайшла ў Мінску 29-30 чэрвеня над людзьмі, якіх затрымалі падчас Ланцугоў салідарнасці. Сведкамі былі супрацоўнікі-амапаўцы, якія “прысутнічалі” на судовых пасяджэннях праз відэасувязь. У Гродне прайшлі адміністрацыйныя суды над фігурантамі “справы” Ціханоўскага — дзевяці чалавекам далі арышты за той жа інцыдэнт, за які ім інкрымінавана частка 1 артыкула 342 КК РБ. Усе яны знаходзяцца ў СІЗА-1 ў Мінску, а Майстэрня паштовак салідарнасці зладзіла марафон у падтрымку палітвязняў і усіх ахвяраў апошніх затрыманняў.
Апытанка: Мінчукі, якіх асудзілі 22 чэрвеня да буйных штрафаў за нібы ўдзел у Ланцугах салідарнасці, з дапамогай грамадскай прыёмнай “Вясны” абскарджваюць рашэнне суда. Як яны тлумачаць сваю матывацыю?
Час выбараў: Якая сувязь паміж праверкай здадзеных подпісаў і флэшмобам “Знік подпіс” у сацыяльных сетках? І што не так у месцах, вызначаных для правядзення агітацыі?
Падзея: Вярхоўны суд адмяніў смяротнае пакаранне Віктару Скрундзіку. Але не ўсё так проста. Ці ёсць логіка ў вынясенні/невынясенні смяротных прысудаў у Беларусі? Як гэта звязана з палітыкай і фігурай прэзідэнта Беларусі? Пракаментуе каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.