viasna on patreon

Актывістка Вольга Нікалайчык месяц правяла ў ізалятары, наперадзе яшчэ 28 сутак

2020 2020-07-07T09:51:46+0300 2020-07-07T09:51:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nikalaichyk-volha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Нікалайчык. Фота: Белсат

Вольга Нікалайчык. Фота: Белсат

Ужо месяц актывістка Вольга Нікалайчык знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Яе затрымалі на пікеце па зборы подпісаў на Камароўцы, далі суткі за ўдзел у "несанкцыянаванай акцыі", потым былі яшчэ суды-разам 58 сутак арышту, 17 з іх Вольга правяла ў карцэры - бетонным памяшканні 3 на 2 метры, дзе не было нават вады. У актывісткі забралі акуляры і лекі.

Як піша TUT.BY, толькі на мінулым тыдні ўпершыню ўдалося адправіць перадачу з прадуктамі.

Вольга Нікалайчык — актыўная ўдзельніца ледзь ці не ўсіх вулічных акцый апазыцыі апошніх гадоў. Апошні раз яе затрымалі 6 чэрвеня пасля пікету па зборы подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, калі ля Камароўкі сабраліся чэргі выбаршчыкаў. Актывіст Леанід Кулакоў кажа, што Вольга прамаўляла ў мегафон, а гэта «дакладная прыкмета, што дадуць суткі». Спачатку актывістка атрымала 13 сутак арышту, а потым яшчэ тры разы па 15 (апошнія працэсы праходзілі, калі яна ўжо сядзела ў ізалятары, яе не дастаўлялі ў суд, тлумачэнні яна давала па скайпе), разам — 58 сутак, 30 з якіх яна ўжо адседзела.

- Шчыра шкада Вольгу, таму што з ёй робяць нешта няўяўнае —  кажа Леанід. - У яе забралі ўсе асабістыя рэчы, у тым ліку акуляры, без якіх яна амаль нічога не бачыць. Яе пасадзілі ў карцэр, дзе яна, як нам ужо вядома, правяла 17 сутак, але па якой прычыне, ніхто не тлумачыць. Тое ж адбываецца і з іншымі палітычнымі актывістамі. Лідар БХД Павел Севярынец сядзеў у карцэры па суседстве і нават быў вымушаны парэзаць руку, каб спыніць гэтае бязмежжа. Вользе 51 год, у яе ёсць хранічныя захворванні, але лекі ў яе таксама забралі. Яна перахварэла бранхітам у ізалятары, але ні таблеткі, ні перадачы не прымалі.

Вось што паспеў сказаць лідар БХД Павел Севярынец, пакуль разглядалася яго чарговая справа ў судзе (яму ў суме прысудзілі ўжо 90 сутак арышту, так што ўсё лета, у тым ліку выбары прэзідэнта, ён можа правесці ў ізалятары на Акрэсціна):

— Мяне трымаюць у карцары ІЧУ, дзе адключаная вада, мяне пазбавілі ўсіх рэчаў, і так ужо дзесяць дзён. На знак пратэсту мне давялося рэзаць руку. У Вольгі Мікалай тое самае. Нары ў карцары адкідвацца з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы, у астатні час яны не адкідваюцца, карцар - бетонны пакой памерам 3 на 2 метры, сонца не бачна, на прагулкі мяне не выводзяць. Калі ноч халодная, не спіш, а адціскаешся ад падлогі, каб не змерзнуць.

Як тлумачыў кіраўнік менскай міліцыі Іван Кубракоў, перадачы ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсьціна не прымалі з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі. Разам з тым, перадачы ў СІЗА і калоніях не проста дазволеныя, павялічаны іх аб'ём з улікам таго, што з-за каронавіруса часова забароненыя спатканні са сваякамі. Пасля шматлікіх скаргаў адміністратыўна затрыманых і іх родных 29 чэрвеня перадачы на Акрэсціна сталі зноў прымаць, хоць выпадкі коронавируса ў Мінску па-ранейшаму фіксуюцца.

- Вольга атрымала дзве прадуктовыя перадачы — кажа актывістка Анастасія Паліенка. Нам удалося паразмаўляць з жанчынай, якая сядзела разам з Вольгай, калі яе перавялі з карцэру ў звычайную камеру. Так нам стала вядома, што Вольга Нікалайчык адразу пасля затрымання ў знак пратэсту абвясціла галадоўку. Думаю, гэта і стала прычынай, чаму яе забралі ў карцэр. Першыя 4 дні яна галадала. У карцэры наогул не было вады, яе не пускалі ў душ, не выводзілі на шпацыр, не перадавалі лісты, хоць мы адпраўлялі і тэлеграмы, і заказныя — нічога не дайшло. У Вольгі забралі ўсе асабістыя рэчы, нават акуляры, без якіх яна амаль нічога не бачыць. Вось збіраліся перадаць ёй кнігу, але зразумелі, што яна проста не зможа яе чытаць.

Леанід Кулакоў настроены песімістычна, ён лічыць, што Вольгу Нікалайчык будуць трымаць у ізаляцыі ўсё лета.

Анастасія Паліенка кажа, што 7 ліпеня заканчваецца тэрмін чарговага адміністрацыйнага арышту, але надзеі на тое, што Нікалайчык хоць бы на час, да чарговага арышту, адпусцяць дадому, амаль няма.

- Будзем заўтра дзяжурыць каля ізалятара, ніхто ж не кажа, што будзе з Вольгай далей - ні суд, ні міліцыя — тлумачыць Наста. - Цалкам верагодна, што наступныя 28 сутак яна таксама будзе сядзець.

У Праваабарончым цэнтры "Вясна" распавядаюць, што практыка працяглых адміністрацыйных арыштаў пачала прымяняцца да ўдзельнікаў акцый за незалежнасць, якія прайшлі па ўсёй краіне ў снежні мінулага года. Дзмітрый Казлоў (блогер Шэры Кот) і Павел Севярынец атрымалі па больш чым сто сутак арышту за заклікі і ўдзел у акцыях.

- Наколькі я памятаю, большую частку з тых сутак ім не давялося адседжваць —  кажа праваабаронца Аляксей Лойка. - Па законе, калі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі максімум прадугледжана 15 сутак, сумарна за ўсе 5-10 пратаколаў суд не можа даць больш. Практыка, калі ўдзельнікам сходаў даюць працяглыя тэрміны, з'яўляецца заганнай, паколькі ў крымінальным законе прадугледжана пакаранне — арышт на тэрмін ад 1 да 3 месяцаў (ст. 54 КК). Выходзіць, што ўдзельнік мірнага сходу падвяргаецца такому ж пакаранню, якое накладваецца на чалавека, які здзейсніў крымінальнае злачынства.

Таксама занепакоенасць праваабаронцаў выклікае забарона на перадачы, у тым ліку лекавыя — «гэта можна расцэньваць як пагаршэнне ўмоў утрымання», нядопуск адвакатаў — «парушэнне права на юрыдычную дапамогу».

Начальнік менскай міліцыі заяўляў, што публікацыі ў прэсе аб бесчалавечных умовах утрымання ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна не адпавядаюць рэчаіснасці.

— Па кожнаму паведамленні ў СМІ праводзілася праверка, у тым ліку і па захаванню санітарных нормаў, па тым, што не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, не выпускаюць на прагулкі, — тлумачыў Іван Кубракоў. - Факты не пацвердзіліся.

На просьбу TUT.BY паказаць, у якіх умовах утрымліваюць людзей у ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна, прэс-служба МУС адказала адмовай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства