viasna on patreon

Заклікаем да спынення рэпрэсій і ціску на грамадзянскую супольнасць

2020 2020-06-30T13:46:00+0300 2020-06-30T14:33:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asambleya4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рабочая група Асамблеі НДА заклікала урад Беларусі спыніць ціск на грамадзянскую  супольнасьць і рэпрэсіі супраць яе прадстаўнікоў. Кіруючы орган Асамблеі прапануе краінам Эўразьвязу і ЗША абумоўліваць узаемадзеяньне з уладамі Беларусі стаўленьнем апошніх да правоў чалавека і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку вымагаючы неўжываньня гвалту супраць НДА, грамадзянскіх актывістаў і палітычных апанэнтаў. Гэткая умова павінная быць абавязковай для працягу міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з урадам Беларусі.

Заява Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Напярэдадні выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь былі ўведзеныя новыя абмежаваньні грамадзянскіх правоў і свабодаў, адбываецца эскалацыя рэпрэсіяў і вядзецца злоўжываньне сродкамі крымінальнага перасьледу дзеля барацьбы з палітычнымі апанэнтамі дзеючых уладаў. 

У красавіку ўлады Беларусі ўвялі дадатковыя абмежаваньні свабоды сходаў: цяпер падача заявак па дазвол на правядзеньне сходаў патрабуе папярэдняга ўзгадненьня з МУС з заключэньнем абавязковага кантракту на непрапарцыйна вялікую “аплату паслугаў па ахове правапарадку”. 

Варожым для грамадзянскай супольнасьці крокам сталася прыняцьцё Дэкрэта №3 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”. Гэты акт дадаткова пагоршыў ранейшыя абмежаваньні доступу НДА да замежнага фінансаваньня: ён скараціў пералік мэтаў, на якія можа быць атрыманая дапамога, а таксама ўвёў грашовы збор у памеры 0,5% ад сумы замежнай дапамогі за яе рэгістрацыю, якая зьяўляецца абавязковай.  Пагаршэньне рэгуляваньня замежнай дапамогі азначае яе “адзяржаўленьне” і пераход ад кантролю за разьмеркаваньнем замежных сродкаў да наўпроставага перанакіраваньня іх у бюджэт дзяржаўных арганізацыяў і лаяльных уладам каля-дзяржаўных структураў. 

У траўні для грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў была ўведзеная абавязковая справаздачнасьць аб мерах супраць адмываньня грошай, што ёсьць непрапарцыйнай мерай, не адпаведнай ацэнцы рызыкаў.

Ударам па грамадзянскай супольнасьці сталася спыненьне апэрацыяў папулярных краўдфандынгавых плятформаў MolaMola і Ulej, якія ў неспрыяльных прававых ўмовах дазвалялі няўрадавым ініцыятывам знаходзіць фінансавую падтрымку для сваёй дзейнасьці з унутраных крыніцаў, у тым ліку для пераадоленьня наступстваў пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.

За паўтары месяцы выбарчай кампаніі зафіксаваныя шматлікія ператрусы, сотні адвольных арыштаў удзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў і мірных акцыяў пратэсту, сябраў ініцыятыўных групаў, журналістаў і праваабаронцаў. У тым ліку ўжо напачатку кампаніі рэпрэсіі мэтанакіравана б’юць па ўдзельніках сыстэмы незалежнага назіраньня за выбарамі. 

Абурэньне выклікаюць крымінальныя справы супраць асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзыдэнты. Праз адвольны арышт быў пазбаўлены магчымасьці выставіць сваю кандыдатуру папулярны блёгер Сяргей Ціханоўскі, а падозраньні ў датычнасьці да эканамічных злачынстваў, прад’яўленыя былому мэнэджэру банка Віктару Бабарыку, выклікаюць сур’ёзныя сумневы і маюць прыкметы палітычна матываванай помсты за намер вылучацца на выбарах. Асамблея НДА далучылася да супольнай заявы праваабарончага руху Беларусі з прызнаньнем палітвязьнямі В. Бабарыкі і зьняволеных удзельнікаў яго каманды. 

У сукупнасьці азначаныя падзеі ўжо першых тыдняў кампаніі сьведчаць пра намер улады правесьці выбары ў атмасфэры застрашэньня насельніцтва і задушэньня любых праяваў непадкантрольнай грамадзянскай актыўнасьці. Далейшы рух па шляху рэпрэсіяў перакрэсьліць ранейшыя дасягненьні па наладжваньні ўнутрыбеларускага дыялёгу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасьцю. 

З улікам выкладзенага і грунтуючыся на прынцыпах павагі да правоў чалавека, Рабочая група Асамблея НДА:

  • перасьцерагае ўлады ад увядзеньня новых абмежаваньняў супраць грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ў сфэры свабоды сходаў, свабоды слова і права на доступ да інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце, а таксама ў сфэры свабоды асацыяцыяў і доступу НДА да грашовых рэсурсаў як з унутраных, так і з замежных крыніцаў; 
  • выказвае пратэст супраць эскаляцыі рэпрэсіяў супраць грамадзкіх і палітычных актывістаў, журналістаў, назіральнікаў ды іншых удзельнікаў выбарчага працэсу;
  • заклікае ўлады да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а таксама да спыненьня адвольных арыштаў і выкарыстаньня гвалту ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў, а таксама да спыненьня злоўжываньня крымінальным перасьледам як сродкам барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

Рабочая група Асамблеі НДА зьвяртаецца да краінаў Эўразьвязу і ЗША з прапановай абумоўліваць узаемадзеяньне з уладамі Беларусі стаўленьнем апошніх да правоў чалавека і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку вымагаючы неўжываньня гвалту супраць НДА, грамадзянскіх актывістаў і палітычных апанэнтаў у якасьці ўмовы для працягу міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з урадам Беларусі.

26 чэрвеня 2020 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства