viasna on patreon

Праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады не выдаваць Турцыі курда, якому пагражаюць катаванні

2020 2020-06-29T13:30:14+0300 2020-06-29T13:41:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hicri_mamas.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадзянін Турцыі, курд Хіджры Мамаш

Не выдаваць Турэччыне 27-гадовага курда Хіджры Мамаша заклікала беларускія ўлады праваабарончая арганізацыя Human Constanta. Паводле яе, 24 чэрвеня Вярхоўны суд пастанавіў выдаць Мамаша Турэччыне. Рашэнне абскарджанню не падлягае. 1 ліпеня яго павінны адправіць на радзіму, піша "Радыё Свабода".

«Турэцкага курда Хіджры Мамаша адправяць на радзіму ў Турэччыну. З вялікай імавернасцю там яго чакаюць катаванні», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Хіджры Мамаш абвінавачаны ў замаху на адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы. Курд настойвае, што гэтае абвінавачанне палітычна матываванае і яго пераследуюць за ўдзел у мірных акцыях.

На думку Human Constanta, выдачай Мамаша Беларусь «парушыць ня толькі міжнародныя дамоўленасці, але і сваё ўласнае заканадаўства».

Адвакат Хіджры Мамаша Арцём Калоша раней паведаміў БелаПАН, што курд уцёк з Турэччыны з прычыны пагрозы пераследу ў Ірак, адтуль прыехаў у Ереван. Ён набыў новыя дакументы, па якіх купіў квіток на самалёт з Еревана да Белграда праз Мінск, аднак у беларускай сталіцы 6 ліпеня 2019 году быў арыштаваны праз абвінавачанне ў падробцы пашпарта. З тых часоў знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары. Яго планавалі дэпартаваць з Беларусі і забараніць уезд на пяць гадоў.

Мамаш падаў заяву аб міжнароднай абароне ў Беларусі, але дэпартамент грамадзянства і міграцыі 5 лютага 2020 году яму адмовіў. Суд Цэнтральнага раёну Мінска 3 красавіка пакінуў рашэнне ў сіле. 23 красавіка намеснік генпракурора Аляксей Стук задаволіў просьбу Міністэрства юстыцыі Турэччыны, дазволіўшы выдачу Хіджры Мамаша для прыцягнення да адказнасці паводле арт. 302/1 Крымінальнага кодэксу Турэччыны (замах на адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы).

1 чэрвеня Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэньне Генэральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы Турэччыне Мамаша, а яго скаргу - без задавальнення. Пасля гэтага курд звярнуўся ў Вярхоўны суд.

У канцы траўня Камітэт правоў чалавека ААН вынес рашэнне аб прымяненні часовых захадаў да Хіджры Мамаша, запатрабаваўшы ад беларускага ўраду прыпыніць перадачу курда да разгляду скаргі па сутнасці ў камітэце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства