viasna on patreon

Мінгарсуд адмяніў штраф Міраславу Мацкевічу за акцыю каля ГЦ MILE

2020 2020-06-29T12:08:31+0300 2020-06-29T12:08:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mackevich_miroslav.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову Цэнтральнага раёна г. Мінска аб прыцягненні Міраслава Мацкевіча да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП і адправіў справу на новы разгляд. Суддзя Іван Касцян аштрафаваў яго на 40 базавых велічыняў (1080 рублёў) за тое, што Міраслаў Мацкевіч 6 траўня нібыта ўдзельнічаў у акцыі каля ГЦ MILE у Мінску, дзе збіралася калона на аўтапрабег у падтрымку затрыманага Сяргея Ціханоўскага, а таксама аказваў супраціў пры затрыманні. Аднак суд над Міраславам Мацкевічам быў праведзены без яго.

Міраслаў Мацкевіч. Фота прадастаўлена для spring96.org
Міраслаў Мацкевіч. Фота прадастаўлена для spring96.org

Нагадаем, 6 траўня каля гандлёвага цэнтра MILE на Даўгінаўскім тракце супрацоўнікі АМАПу і міліцыі ў цывільным жорстка затрымалі каля 19 чалавек, якія прыехалі туды падтрымаць затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага. На кожнага склалі па два пратаколы па арт. 23. 34 КаАП і 23.4 КаАП.

Як распавёў Міраслаў Мацкевіч, ён не мог прысутнічаць на разглядзе сваёй адміністрацыйнай справы праз стан здароўя. Ён у належным парадку апавясціў аб гэтым суд і папрасіў перанесці паседжанне.

"Мая прысутнасць у судзе пры знаходжанні на лістку непрацаздольнасці стварала пагрозу для майго здароўя, а таксама для здароўя навакольных, у сувязі з распаўсюджваннем пандэміі COVID-19", – адзначае Міраслаў Мацкевіч.

Тым не менш, суддзя Іван Касцян палічыў прычыну адсутнасці Мацкевіча непаважлівай і разгледзеў справу ў яго адсутнасць.

Як адзначае юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка, які дапамагаў Міраславу абскардзіць пастанову суда, у гэтым выпадку быў парушаны ўвесь каталог правоў асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

"У адпаведнасці з п. 10 ч. 1 арт. 4.1 ПВКаАП фізічная асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мае права ўдзельнічаць у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Справа можа быць разгледжана ў адсутнасць асобы, калі яна прызнае сваю віну або пісьмова хадайнічае аб разглядзе справы ў яе адсутнасць, а таксама калі асоба ўхіляецца ад яўкі ў суд. Мы бачым, што Міраслаў Мацкевіч віну не прызнаваў, не ўхіляўся ад яўкі ў суд, але прыняў актыўныя дзеянні, каб праінфармаваць суд аб наяўнасці перашкод да яўкі на разгляд сваёй справы.

Парушэнне права ўдзельнічаць у разглядзе справы пацягнула парушэнне і іншых яго працэсуальных правоў, замацаваных у ч. 1 арт. 4. 1 ПВКаАП: правы даваць тлумачэнні альбо адмовіцца ад дачы тлумачэнняў, права прадстаўляць доказы, правы заяўляць адводы і хадайніцтвы, права абараняць сябе самастойна, правы пярэчыць супраць дзеянняў суддзі і патрабаваць унясення сваіх пярэчанняў у пратакол працэсуальнага дзеяння, права падаваць скаргі на дзеянні службовай асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс. Ні адно з гэтых правоў Міраслаў Мацкевіч не мог рэалізаваць па незалежных ад яго прычынах, паколькі не мог прысутнічаць пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Таму відавочна, што рашэнне суда, па якім Міраслаў быў прыцягнуты да адказнасці па двух артыкулах КаАП, было незаконнае і неабгрунтаванае", – адзначыў Аляксей Лойка.

Акрамя таго, было парушана асноватворнае права, гарантаванае Канстытуцыяй і Міжнародным пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: права на атрыманне юрыдычнай дапамогі.

Мінскі гарадскі суд пагадзіўся з довадамі ў скарзе і адмяніў пастанову суда Цэнтральнага раёна Мінска.

"Разгледзеўшы справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адсутнасць Міраслава Мацкевіча, раённы суд тым самым пазбавіў яго магчымасці даць тлумачэнні па сутнасці адміністрацыйнага правапарушэння, за якое ён прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці", – гаворыцца ў пастанове Мінгарсуда.

Справа накіраваная на новы разгляд у суд Цэнтральнага раёна іншым суддзёй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства