viasna on patreon

Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі

2020 2020-06-11T18:38:38+0300 2020-06-12T14:14:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cihanouskaja-pikety.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тэрміновая заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мінск, 11 чэрвеня 2020 г.

Мы канстатуем працяг распачатых у траўні 2020 года рэпрэсій супраць актывістаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці і простых грамадзян, нягледзячы на адпаведныя заклікі нацыянальнай праваабарончай супольнасці, міжнародных арганізацый і экспертаў ААН.

Выбарчая кампанія ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі з самага свайго пачатку праходзіць у атмасферы страху, пагроз і запалохвання, ідуць затрыманні і арышты актывістаў ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты і простых выбаршчыкаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пікетах па зборы подпісаў. Працягваецца палітычна матываваны крымінальны пераслед Сяргея Ціханоўскага, які збіраўся вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, і шэрагу іншых грамадзян па справе, у якой улады звярнуліся да адкрытай правакацыі.

Раніцай 11 чэрвеня стала вядома аб тым, што Святлана Ціханоўская, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты, папрасіла членаў сваёй ініцыятыўнай групы не праводзіць пікеты па зборы подпісаў у бліжэйшыя некалькі дзён з-за асцярогі працягу рэпрэсій у дачыненні да зборшчыкаў подпісаў.

У гэты ж дзень пачаліся ператрусы ў галаўным офісе "Белгазпрамбанка", кіраўніком якога цягам 20 гадоў быў вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Віктар Бабарыка. Мы разглядаем гэтыя дзеянні як ціск на аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

У такіх умовах нельга казаць аб правядзенні сумленных і справядлівых выбараў. Нагадваем, што ў адпаведнасці з Капенгагенскім дакументам АБСЕ, Рэспубліка Беларусь, як дзяржава-удзельніца Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, заявіла, што воля народа, выражаемая свабодна і сумленна ў ходзе перыядычных і сапраўдных выбараў, з'яўляецца асновай улады і законнасці любога ўрада, і абавязалася паважаць права сваіх грамадзян прымаць удзел у кіраванні краінай непасрэдна або праз прадстаўнікоў, якія выбіраюцца імі свабодна ў ходзе сумленнага выбарчага працэсу.

Мы заклікаем улады Беларусі:

забяспечыць поўную рэалізацыю фундаментальных правоў і свабод чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Капенгагенскім дакуменце і ў іншых міжнародна-прававых дакументах у сферы правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду выказвання меркавання, права на мірныя сходы, правы быць абраным на свабодных выбарах, права не падвяргацца адвольным затрыманням, і спыніць ціск і запалохванне грамадзян у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі.

Праваабарончы цэнтр " Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр»;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства