Аляксандра Якушкова асудзілі праз скайп на 10 сутак арышту
Суддзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Уладзімер Царыкаў палічыў, што актывіст «Народнай Грамады» Аляксандр Якушкоў браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і асудзіў яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП. Суд адбыўся ў анлайн-рэжыме 9 чэрвеня, паведамляе "Віцебская Вясна".
За віцяблянінам Аляксандрам Якушковым міліцыянты палявалі яшчэ 5 чэрвеня. У той дзень былі затрыманыя Алена Янушкоўская і Алег Паўлаў, але Якушкоў змог тады пазбегчы затрымання. Актывіста затрымалі 8 чэрвеня пасля суду над Янушкоўскай і адразу змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Паводле пратаколу, актывіст "31 траўня, знаходзячыся каля ГЦ "Марка-Сіці", парушаючы закон аб масавых мерапрыемствах, узяў удзел у несанкцыянаваным мітынгу без дазволу адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску".
Суддзя агучыў рапарты супрацоўнікаў міліцыі. Як вынікала з рапарту міліцыянта Зуева, "пад падставай збору подпісаў за кандыдата Ціханоўскую сябры ініцыятыўнай групы правялі пікет з іншымі мэтамі".
Высвятляючы, навошта актывіст узяў удзел у мітынгу і выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп, таракан!», суддзя тлумачыў, што "ёсць устаноўлены парадак выказвання свайго меркавання".
Падчас анлайн-трансляцыі, зладжанай на судовым паседжанні, Аляксандар Якушкоў паведаміў, што яму цягам 11 гадзін не давалі піць, хоць ён аб гэтым настойліва прасіў. Праз гэта яму стала кепска, і ён быў вымушаны прасіць, каб выклікалі лекара. На гэтую скаргу суддзя не звярнуў аніякай увагі і адправіў Аляксандра Якушкова за краты.