viasna on patreon

Экадом падаў скаргу ў ААН на парушэнні пры будаўніцтве акумулятарнага завода

2020 2020-05-29T15:28:17+0300 2020-05-29T15:28:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/i-power.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акумулятарны завод у Брэсце

Акумулятарны завод у Брэсце

Грамадскае аб'яднанне "Экадом" накіравала ў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі паведамленне аб парушэнні Беларуссю палажэнняў Канвенцыі пры прыняцці рашэння аб будаўніцтве акумулятарнага завода пад Брэстам. Аб гэтым паведамляецца на сайце арганізацыі.

Згодна з Канвенцыяй,

  • грамадскасць павінна мець магчымасць прыняць удзел на самым раннім этапе, калі адкрыты ўсе магчымасці;
  • грамадскасць павінна быць паінфармаваная своечасова, адэкватнымі і эфектыўнымі спосабамі пра рашэнні, якія прымаюцца;
  • павінны быць устаноўленыя разумныя тэрміны для паведамлення, падрыхтоўкі і эфектыўнага ўдзелу грамадскасці;
  • грамадскасць павінна быць паінфармаваная аб прынятым рашэнні.

Эксперты Экадома ўпэўненыя, што пры прыняцці рашэння аб будаўніцтве акумулятарнага завода каля Брэста шэраг палажэнняў Канвенцыі не быў выкананы. Прынамсі:

  1. Спосаб інфармавання аб грамадскіх абмеркаваннях, якія праводзяцца, праз раённую газету не з'яўляецца эфектыўным і адэкватным.
    Указанне няслушных дат у аб'явах, неадпаведнасць заяўленых тэрмінаў грамадскіх абмеркаванняў з фактычнымі датамі іх правядзення ўвяло ў зман грамадскасць і не дало ёй магчымасці даведацца аб правядзенні абмеркаванняў.
  2. Уладамі не былі забяспечаныя "разумныя тэрміны" правядзення абмеркаванняў, паколькі яны прыйшліся на перыяд калядных і навагодніх святаў — гэта знізіла рэальную магчымасць падрыхтоўкі і эфектыўнага ўдзелу ў абмеркаваннях, у вывучэнні дакументацыі.
  3. Дзяржава праводзіла грамадскія абмеркаванні толькі на этапе ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) завода, папярэдне ўжо вылучыўшы забудоўшчыку зямельны ўчастак, падаўшы дазвол на праектаванне. Такім чынам, дзяржава не забяспечыла магчымасці ўдзелу грамадзянаў на раннім этапе.
  4. Грамадскасць не была паінфармаваная аб прынятым рашэнні, дазваляючым будаўніцтва завода, а таксама аб прычынах прыняцця такога рашэння.

Такім чынам, Беларусь парушыла палажэнні Орхускай канвенцыі, што пасля прывяло да пратэстаў грамадзянаў у абарону сваіх правоў і інтарэсаў, і за што яны неаднаразова падвяргаліся пераследам.

"Разгляд дадзенага паведамлення Камітэтам будзе садзейнічаць вырашэнню не толькі канкрэтнай праблемы з акумулятарным заводам каля Брэста, але і далейшай рэалізацыі ў нашым заканадаўстве нормаў, якія забяспечваюць рэальны ўдзел грамадзянаў на самым раннім этапе прыняцця рашэнняў, калі яшчэ ёсць магчымасць абмяркоўваць розныя варыянты.

Хочам яшчэ раз адзначыць, што магчымасць грамадзянаў удзельнічаць у прыняцці пастаноў з самага пачатку дазволіла б пазбегнуць тых канфліктаў і пратэстаў, якія мы назіраем увесь гэты час", — адзначае Марына Дубіна, выканаўчая дырэктарка Экадома.

Нагадаем, Камітэтам па выкананні Орхускай канвенцыі было разгледжана тры паведамленні грамадскасці ў дачыненні да Беларусі — пытанні будаўніцтва Нёманскай ГЭС, Астравецкай АЭС, а таксама па фактах пераследу і аказання ціску на антыядзерных актывістаў. Ва ўсіх выпадках Нарада Бакоў Канвенцыі пагадзілася з высновамі Камітэта, і Беларусь была прызнаная краінай, якая не выконвае правілы і прынцыпы Канвенцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства