viasna on patreon

Палітвязень Жамчужны: Я на шэсць месяцаў змешчаны ў "крытку"

2020 2020-05-26T11:52:34+0300 2020-05-26T11:54:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/no-nj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Пра навіны ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага піша "Віцебская Вясна".

"Ад 29 красавіка я на шэсць месяцаў змешчаны ў "крытку", таму магу свабодна і стабільна перапісвацца", – паведаміў у чарговым лісьце праваабаронцу Леаніду Свеціку палітвязень Міхаіл Жамчужны, які знаходзіцца зараз у горацкай калёніі.

"Крыткай" там называюць памяшканне камэрнага тыпу (ПКТ).

Міхаіл Жамчужны збірае звесткі ад усіх рэспандэнтаў: ці дайшлі да іх ягоныя лісты?

"За апошнія два месяцы з пяці лістоў, якія Міхаіл Ігаравіч выслаў на мой адрас, да мяне дайшлі толькі два. У гэтым – прамое парушэнне правоў зняволенага, бо разбураюцца ягоныя чалавечыя сувязі, а гэта можа мець адмоўныя наступствы для сацыялізацыі пры заканчэнні тэрміну адбыцця пакарання", – лічыць праваабаронца Леанід Сьвецік.

Гэта разумее і Жамчужны, які рыхтуе ў Адміністрацыю прэзідэнта адпаведную заяву.

"На пачатку траўня па радыё аб’явілі, што ў месцах пазбаўлення волі таксама выявілі двух інфікаваных асуджаных. Як цяпер будзе з кантактамі 1-2-га ўзроўняў?" – ставіць пытанне палітвязень.

Хоць у самой калоніі каранцін не ўведзены, ён просіць выконваць меры засцярогі пры чытанні ягоных лістоў, каб не стаць крыніцай COVID-19.

Міхаіл Жамчужны лічыць, што ўплыў каранавірусу на сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны не скажацца адмоўна, бо ўлады будуць намагацца падтрымаць эканоміку ўсімі магчымымі сродкамі і спосабамі. Гэта звязана з распачатай электаральнай кампаніяй.

Палітвязень піша, што адчувае сябе добра і не мае скаргаў на стан здароўя. 

"У мяне са здароўем усё ў парадку, што вельмі здзівіла начальніка санчасткі калоніі", – паведамляе ён праваабаронцам.

Сцвярджае, што не мае праблем і з побытам, але ёсьць – з ксеракапіяваннем дакументаў: 

"Трэба да заканчэння выбараў паспець апратэставаць прысуды, але кімсьці дакументаабарот з адвакатамі тармозіцца".

Знаходзячыся ў ПКТ, палітвязень не перастае абараняць свае правы. 

"Цяпер разглядаецца на ўзроўні Генеральнай пракуратуры і Вярхоўнага Суда краіны парушэнні законнасці, якія дапусцілі тры суддзі суду Горацкага раёну. За гэта мне ад 24 да 29 красавіка вынеслі чатыры папярэджанні за парушэнне рэжыму, якія я ўжо паспеў апратэставаць. У выніку па іх былі дзве размовы, пазбаўленне кароткатэрміновага спаткання (з кім?) і на шэсць месяцаў мяне змясцілі ў ПКТ», – распавёў Жамчужны.

Палітвязень пакуль не змог высветліць, куды зніклі тры артыкулы, якія ён накіраваў для публікацыі ў "Народнай волі". У іх Міхаіл Жамчужны выказваў падтрымку патэнцыйнаму кандыдату ад групы Статкевіча – Вользе Нікалайчык. Вельмі хоча дазнацца, хто ў тым вінаваты і на каго скардзіцца.

Добрым словам Жамчужны ўзгадвае праваабаронцу Насту Лойку і сям’ю Касінеравых, якія забяспечылі яму падпіску на перыядычныя выданні. Наогул, просіць перадаць словы падзякі ўсім актывістам, праваабаронцам і журналістам, якіх не абыходзіць ягоны лёс.

"Дзякую ўсім за пастаянную маральную і матэрыяльна-арганізацыйную дапамогу", – піша на волю палітвязень.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства