Апазіцыянеры не патрапілі ў склад Магілёўскай абласной камісіі

2020 2020-05-22T16:41:00+0300 2020-05-22T16:58:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ablasnaja_vk_stvarennie_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумеснае пасяджэнне Магілёўскага аблвыканкаму і Прэзідыума Магілёўскага аблсавету дэпутатаў па стварэнні Магілёўскай абласной камісіі адбылося 19 траўня і прайшло без прадстаўнікоў палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў і СМІ. Выключэнне было зроблена для старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава – паколькі ён сам быў вылучаны ў склад камісіі. Пра гэта піша сайт mspring.online.

У склад абласной камісіі былі вылучаныя 21 чалавек, з іх два – прадстаўнікі апазіцыйных партый: Уладзімір Шанцаў ад АГП і Дзмітрый Еўстратаў ад БСДП “Грамада”.

Усе вылучэнцы ў склад камісіі былі “папярэдне вывучаныя”. Асноўнымі крытэрамі “вывучэння” былі: жыццёвы досвед, прафесійная і працоўная дзейнасць, досвед працы ў камісіях, узровень прадстаўніцтва грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў у обласці, іх пазнавальнасць і аўтарытэт у насельніцтва.

Праект рашэння быў загадзя падрыхтаваны яшчэ да галасавання, якое не прынесла нечаканасцяў – апазіцыянеры не трапілі ў склад камісіі. У іх дакументах чыноўнікі не ўгледзелі дадзеных пра досвед працы ў выбарчых камісіях, а ў Уладзіміра Шанцава – яшчэ і дакладны адрас пражывання. Між тым, у пратаколе аб вылучэнні палітыка маецца і дакладны адрас, і дадзеныя аб працы ў выбарчай камісіі. Уладзімір Шанцаў мае намер абскардзіць рашэнне аб утварэнні камісіі ў судзе.

У склад Магілёўскай абласной камісіі па выбарах увайшлі 13 чалавек:

  1. Алекса Яўген, начальнік аддзелу па працы з персаналам ААТ “АСБ “Беларусбанк” – ад Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюзу банкаўскіх і фінансавых работнікаў.
  2. Бяляева Марына, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БРУ – ад Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру”.
  3. Берастаў Валерый, пенсіянер – ад выбаршчыкаў шляхам падачы заявы.
  4. Гапееў Сяргей, дырэктар Бялыніцкага філіялу “Аўтапарк №7” ААТ “Магілёўаблаўтатранс” – ад працоўнага калектыву.
  5. Громаў Анатоль, начальнік Шклоўскага занальнага вузла электрасувязі Магілёўскага філіялу РУП “Белтэлекам” – ад працоўнага калектыву.
  6. Давыдаў Сяргей, начальнік Крычаўкай дістанцыі пуці РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі” – ад выбаршчыкаў шляхам падачы заявы.
  7. Дашкевіч Ганна, 2-гі сакратар Магілёўскага абласнога камітэту ГА “БРСМ” – ад Магілёўскай абласной арганізацыі “БРСМ”.
  8. Жураўскі Сяргей, начальнік Упраўлення землеупарадкавання Быхаўскага РВК – ад Магілёўскай абласной арганізацыі КПБ.
  9. Кароцін Мікалай, дырэктар філіялу Белдзяржстраху па Магілёўскай обласці – ад працоўнага калектыву.
  10. Макаранка Людміла, пенсіянерка – ад Магілёўскай абласной арганізацыі ГА ветэранаў.
  11. Мартыноўскі Андрэй, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжу – ад Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжу.
  12. Навумчык Анатоль, дырэктар РУП “Бабруйскі ЦСМС” – ад Магілёўскай абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
  13. Цімафеенка Дзмітрый, кіраўнік справамі Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну г. Магілёва – ад Магілёўскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Шасцёра з нанаваабраных членаў уваходзілі ў склад Магілёўскай абласной камісіі падчас выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе.

Акрамя не ўключаных апазіцыянераў, у склад камісіі не патрапілі пенсіянеры Жана Аруцюнава і Віктар Гаршкоў, галоўны спецыяліст Касюковіцкага РВК Ала Канавалава, спецыяліст ААТ “Круіз-аўта” Аляксандр Макараў, майстар вытворчага навучання Аўташколы “Фальксваген Аўтатраст Старт” Валерый Марозаў і таваравед Горацкага райспажыўтаварыства Марына Падлужная. Усе яны вылучаліся ад грамадзянаў шляхам падачы заявы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства