viasna on patreon

У Гомелі журналістаў-фрылансераў пакаралі буйнымі штрафамі за апытанне студэнтаў аб неабходнасці каранціну

2020 2020-05-20T10:43:20+0300 2020-05-20T10:43:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/larisa_schyrakova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе БелаПАН, Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 19 траўня разгледзеў адміністрацыйныя справы журналістаў-фрылансераў Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына.

Пратаколы былі складзеныя на іх міліцыяй па артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Суддзя Сяргей Салоўскі угледзеў у іх дзеяннях парушэнне артыкула 22.9 КаАП і пакараў штрафам у 35 базавых велічынь кожнага.

Ларыса Шчыракова. Фота: Аляксандр Буракоў
Ларыса Шчыракова. Фота: Аляксандр Буракоў

Журналісты здымалі на відэа апытанне гомельскіх студэнтаў аб неабходнасці каранціну ў Беларусі ў сувязі з каранавірусам. Дадзенае відэа было паказана па польскаму тэлеканалу "Белсат". Фрылансераў абвінавацілі ў працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі ў МЗС.

"Прычым у сюжэт "Белсата" з нашага апытання трапіла тры прапановы па 15 секунд", —  паведаміла БелаПАН Ларыса Шчыракова.

"Амаль два гады трэба мной не было судоў, —  распавяла яна.  — Потым у красавіку 2020 года зноў узяліся — судзілі ў дзень майго нараджэння, 13 красавіка, за сюжэт пра акцыю, арганізаваную блогерам Ціханоўскім У Гомелі. Таксама далі штраф 35 базавых".

"Я расцэньваю гэтыя суды як запалохванне перад выбарамі Прэзідэнта. Яшчэ прыйшоў пратакол за здымкі ў Камунары Буда — Кашалёўскага раёна — аб каранавірусе. Суд па гэтым пратаколе яшчэ наперадзе. Гэта каб адпомсціць і напалохаць — каб не асвятлялі эпідэмію", — лічыць журналістка.

Яна нагадала словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што "трэба разабрацца з ананімнымі тэлеграм-каналамі". "А навошта міліцыі напружвацца і шукаць аўтараў тэлеграм-каналаў, прасцей дастаць Спіс "нядобранадзейных" журналістаў, цягаць іх па судах і напісаць справаздачу, што яны змагаюцца", — дадала Шчыракова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства