viasna on patreon

Краіны былога СССР злоўжываюць рэпрэсіўнымі мерамі пры барацьбе з COVID-19 Дакумент

2020 2020-04-29T13:54:09+0300 2020-04-29T14:43:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnesty_covid.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя з сайта Amnesty International

Ілюстрацыя з сайта Amnesty International

Урады краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі рэагуюць на пандэмію COVID-19 рэпрэсіўнымі і гвалтоўнымі мерамі, якія ніяк не адпавядаюць іх абавязацельствам у галіне правоў чалавека, заявіла ў сваім дакладзе Amnesty International. Арганізацыя апублікавала новы брыфінг, прысвечаны абавязацельствам у галіне правоў чалавека, прынятым краінамі рэгіёну.

"Па меры таго, як у рэгіёне разгортваецца пандэмія COVID-19, ствараецца ўражанне, што многія ўрады зацікаўлены хутчэй у падаўленні іншадумства, чым у абароне грамадскага здароўя", – заявіла Хеза Макгіл, даследчыца Amnesty International па Цэнтральнай Азіі.

"Пачынаючы з уладаў Казахстана, якія заварваюць дзверы ў пад'ездах шматкватэрных дамоў, каб заблакаваць іх жыхароў, да паліцэйскіх у Чачні, якія збіваюць людзей за тое, што на іх няма ахоўных масак, – урады рэгіёну, падобна, разглядаюць пандэмію як карт-бланш на падаўленне правоў чалавека. Любыя жорсткія меры па прадухіленні распаўсюджвання віруса павінны быць абмежаванымі па часе іх прымянення, суразмернымі і адпавядаць стандартам у галіне правоў чалавека", – лічыць яна.

Празмернае прымяненне сілы і абмежавальныя меры

Улады ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі пастаянна звяртаюцца да рэпрэсіўных мераў для падаўлення крытычных поглядаў. Нядзіўна, што некаторыя ўрады адрэагавалі на пандэмію COVID-19 адкрытай пагардай да асноўных правах чалавека.

Шостага красавіка ў Караколе, Кыргызстан, улады заварылі дзверы ў пад'ездзе шматкватэрнага дома, у якім пражывалі дзясяткі сем'яў, пасля таго як у аднаго з жыхароў тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. У Казахстане ўлады таксама прымусова адправілі на каранцін некалькі шматкватэрных дамоў, заварыўшы дзверы пад'ездаў і вымусіўшы іх жыхароў заставацца ўнутры.

Васемнаццатага красавіка ўкраінская армія перакрыла адзіны доступ у сяло Старамар'еўка, размешчаны на падкантрольнай ураду частцы зоны канфлікту на ўсходзе Украіны. У выніку 150 жыхароў вёскі апынуліся адрэзанымі ад знешняга свету, не маючы магчымасці купіць ежу, атрымаць медыцынскую або іншую экстранную дапамогу.

У канцы сакавіка ў Чачэнскай Рэспубліцы, адным з рэгіёнаў РФ, было знятае відэа, на якім паліцыянты збіваюць людзей пластыкавымі дубінкамі. Відэазапіс сведчыць аб тым, што паліцыянты фізічна напалі на людзей, на якіх не было ахоўных масак.

Пагрозы праву на здароўе

У Беларусі, Таджыкістане і Туркменістане палітычныя лідэры памяншалі сур'ёзнасць пагрозы пандэміі і прапагандавалі сродкі народнай медыцыны, якія ніяк не даказалі сваю эфектыўнасць. У канцы сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што чарка гарэлкі, наведванне лазні і заняткі спортам заб'юць любы вірус. На сённяшні дзень урад Беларусі не ўвёў ніякіх мераў па фізічным дыстанцыяванні людзей адзін ад аднаго. Туркменскі калега Лукашэнкі, Гурбангулы Бердымухамедаў, амаль не згадвае пра COVID-19; ён параіў абкурваць памяшкання дымам лісця раслін гармала для прадухілення захворванняў.

Па ўсім рэгіёне сістэмы аховы здароўя,  якія атрымліваюць недастатковае фінансаванне, вядуць барацьбу за тое, каб аказваць людзям належную дапамогу. У Расіі рэформа грамадскай аховы здароўя, названая "аптымізацыяй", прывяла за апошняе дзесяцігоддзе да рэзкага скарачэння медыцынскага персаналу і колькасці медыцынскіх устаноў. З-за недахопу сродкаў абароны медыцынскі персанал сур'ёзна пацярпеў ад уздзеяння віруса.

Пагрозы ў дачыненні да свабоды выказвання меркаванняў і доступу да інфармацыі

Для процідзеяння распаўсюджванню віруса ўрады павінны забяспечыць распаўсюджванне даступнай, дакладнай і заснаванай на фактычных дадзеных інфармацыі пра COVID-19 і пра тое, як людзі могуць абараніць сябе. Аднак часцяком улады краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі выкарыстоўвалі нядаўна ўведзеныя надзвычайныя паўнамоцтвы для пераследу журналістаў і іншых асобаў, якія спрабавалі распаўсюджваць інфармацыю.

"Урады Азербайджана і Расіі прыцягнулі да адказнасці карыстальнікаў сацыяльных сетак, журналістаў і медыцынскіх работнікаў, якія адкрыта паказвалі на заганы ў дзеяннях па рэагаванні на COVID-19. Іншыя краіны, у прыватнасці, Узбекістан, увялі велізарныя штрафы за распаўсюд "фэйкавых навінаў", – адзначыла Хеза Макгіл.

"Гэтыя пагрозлівыя дзеянні даюць зразумець журналістам па ўсім рэгіёне, што ўлады многіх краінаў больш клапоцяцца аб падаўленні сваіх крытыкаў, чым аб абароне здароўя людзей".

У Азербайджане ўлады выкарыстоўвалі пандэмію COVID-19 у якасці падставы для падаўлення апазіцыі. Дзевятнаццатага сакавіка Прэзідэнт Ільхам Аліеў абвясціў аб "новых правілах" на час пандэміі COVID-19, у тым ліку аб "ізаляцыі " і "чыстцы" ў дачыненні да апазіцыі. Пасля гэтага па сфабрыкаваных абвінавачваннях у хуліганстве быў затрыманы актывіст ад апазіцыі Тофіг Ягублу, а праваабаронцу Эльчына Мамеда затрымалі па абвінавачванні ў крадзяжы.

У Расеі кіраўніка незалежнага прафсаюза "Альянс лекараў" Насту Васільеву выклікалі на допыт нібыта за распаўсюд "фэйкавых навінаў". Яе арганізацыя заклікала расійскіх медыцынскіх работнікаў выкрываць некампетэнтнасць уладаў. У выніку многія сябры "Альянсу лекараў" падвергліся запалохванню і пагрозам, а сама Васільева была затрыманая паліцыяй за "парушэнне правілаў каранціну", калі яна прывезла медыцынскае абсталяванне ў адну з мясцовых бальніц.

Расійскія СМІ таксама не пазбеглі ціску. Улады прымусілі вядомае выданне "Новая газета" выдаліць артыкул, які змяшчае крытыку чачэнскіх уладаў за палітыку ізаляцыі рэспублікі, пасля таго як кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў публічна пагражаў аўтару артыкула Алене Мілашынай.

"Людзі ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі заслугоўваюць лепшага ў гэты цяжкі і няпэўны час", – падкрэсліла Хеза Макгіл.

"Іх ўрады павінны вылучыць ўсе наяўныя рэсурсы для ажыццяўлення права на здароўе, і змясціць захаванне правоў чалавека ў фокус ўсіх сваіх намаганняў па барацьбе з вірусам".

Краіны былога СССР злоўжываюць рэпрэсіўнымі мерамі пры барацьбе з COVID-19

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства