viasna on patreon

Пенсіянерку з COVID-19 аштрафавалі на 30 базавых за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Што не так з гэтай справай?

2020 2020-04-23T16:44:41+0300 2020-04-23T17:17:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mogilev_mvd.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міліцыя пры праверцы выконвання рэжыму самаізаляцыі склала менш, чым за месяц, больш за 200 пратаколаў па ўсёй Беларусі. Пра гэта падчас стрыму паведаміла прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава, піша "Наша Ніва".

Праверка самаізаляцыі рэжыму ў Шклове. Фота: MOGILEV.MVD.GOV.BY
Праверка самаізаляцыі рэжыму ў Шклове. Фота: MOGILEV.MVD.GOV.BY

На грамадзян, якія не выконваюць рэжым самаізаляцыі, складаюць адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў. Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пакаранне штрафам у памеры ад двух да пяцідзесяці базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт. Але, як запэўнівае Чамаданава, самы вялікі штраф — 45 базавых велічыняў. Тым часам, у Смаргоні каля цэнтральнай плошчы горада вісіць папярэджанне, што за парушэнне рэжыму самаізаляцыі магчымы арышт да 15 сутак. Як вядома праваабаронцам, суды па такіх справах праходзяць па відэасувязі праз Skype. 

Смаргонь. Фота: Nexta
Смаргонь. Фота: Nexta

У "Грамадскую прыёмную" Праваабарончага цэнтра "Вясна" звярнулася пенсіянерка, якую прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 23.4 КаАП нібыта за парушэнне рэжыму самаізаляцыі.

У чым абставіны гэтай справы, якія ў ёй праблемы і што думаюць праваабаронцы пра практыку прыцягнення грамадзян за парушэнне рэжыму самаізаляцыі — у нашым матэрыяле.

Што адбылося?

У пенсіянеркі пацвердзіўся COVID-19, яна знаходзіцца ў самаізаляцыі, але ніякае прадпісанне правілаў паводзін, як яна сцвярджае, не падпісвала. Пры гэтым, такую падпіску ўзялі ў яе сына, у якога тэст на каранавірус паказаў адмоўны вынік. 

У раённае аддзяленне міліцыі паступіла паведамленне ад яе суседзяў, што нібыта яна на гуляла па вуліцы. Пры гэтым жанчына сцвярджае, што з дому яна не выходзіла. 

Пра тое, што ў яе адбудзецца суд у Skype, жанчыну апавясцілі за гадзіну да судовага пасяджэння. Суд палічыў, што яна не выканала законнае патрабаванне фельчара, з якім нібыта яна была азнаёмленая. Суд устанавіў, што яна ў двары свайго дома без маскі кантактавала з непаўналетнім. У судовым пасяджэнні жанчына віну не прызнала.

Суд аштрафаваў пенсіянерку на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).

Што з гэтай справай не так і якія наогул праблемы ў справах па парушэнні рэжыму самаізаляцыі бачаць праваабаронцы?

Асаблівасцю такіх справаў з'яўляецца тое, што асобы, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, або асобы, якіх ужо прыцягнулі да адказнасці, як правіла, маюць прадпісанне правілаў паводзін аб выконванні рэжыму самаізаляцыі. Пастановай Саўміна №208 у сувязі са станоўчым тэстам на COVID-19 асоба абавязаная ўстрымацца ад выхаду з жылога памяшкання цягам 14 дзён. Аднак ні заканадавец, ні правапрымяняльнік не прадугледзелі па такіх справах шэраг нюансаў, звязаных з гэтымі абставінамі.

У сувязі з гэтым узнікае шэраг пытанняў, у якіх мы паспрабуем разабрацца з юрыстам "Вясны" Аляксеем Лойка.

Юрыст ПЦ
Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка

1. Як заплаціць чалавеку дзяржпошліну, калі ў яго прадпісанне аб захаванні рэжыму самаізаляцыі?

На думку Аляксея Лойкі, заканадаўцу варта было б прадугледзець магчымасць вызвалення ад аплаты дзяржпошліны асобу, падвергнутую штрафу за парушэнне рэжыму самаізаляцыі.

"Адна сітуацыя, калі чалавек можа аплаціць пошліну праз інтэрнэт-банк і, прыклаўшы электронную плацёжку да скаргі, накіраваць яе па электроннай пошце ў суд. А калі гэта асоба пенсійнага ўзросту, у якога не маецца доступу да інтэрнэту? Па Пастанове Саўміна №208 ім забаронена выходзіць з дома на працягу 14 дзён. Пры гэтым тэрмін на падачу скаргі складае 10 дзён. На нашу думку, аб'ектыўная немагчымасць аплаціць пошліну і абскардзіць пастанову ва ўстаноўленым парадку істотным чынам абмяжоўвае права на абскарджанне пастановы аб штрафе, і, адпаведна, права на абарону асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс", — адзначае юрыст.

2. Як падрыхтаваць сваю лінію абароны, калі пра суд апавяшчаюць за гадзіну?

Аляксей Лойка звяртае ўвагу, што сітуацыя, калі чалавеку за гадзіну паведамляюць аб тым,што ў дачыненні да яго адбудзецца разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па Skype несумяшчальная з палажэннямі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах аб праве чалавека на магчымасць мець дастатковы час і магчымасць для падрыхтоўкі сваёй абароны і зносіцца з абраным абаронцам (падпункт 2 пункт 2 арт.14). Пры абскарджванні такой сітуацыі неабходна спасылацца на п.18 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда №6 "Аб практыцы разгляду судамі скаргаў (пратэстаў) на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях". Дадзены пункт змяшчае ўказанне судоў на тое, што падставай да адмены пастановы з'яўляецца істотнае парушэнне норм ПВКаАП (п.2 ч.1 арт.12.14[1]), а менавіта парушэнне права на абарону асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

3. Праз электронную пошту знаёміцца з матэрыяламі справы не дазваляюць. А як быць тады?

У гэтай справе пенсіянерцы адмовілі ў азнаямленні з матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні праз электронную пошту. У судзе сказалі, што гэта можна зрабіць пры дапамозе адваката.

Юрыст "Вясны" бачыць у гэтай сітуацыі шэраг пытанняў. Па-першае, з адвакатам неабходна заключыць дамову, зрабіць аплату яго паслуг. Як гэта зрабіць у рэжыме самаізаляцыі, не выходзячы з хаты, пакуль адказу няма. Па-другое, права на азнаямленне з матэрыяламі справы прадугледжана ў ПВКаАП (п. 9 ч.1 арт. 4.1). Пры гэтым, калі ў судзе адмаўляюць у азнаямленні з матэрыяламі справы, адсылаючы да адваката, гэта з'яўляецца парушэннем дадзенага права.

"Мяркую, што ў дадзенай сітуацыі правапрымяняльную практыку неабходна карэктаваць, таму што азнаямленне з матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні дазваляе зрабіць высновы аб выкананні органам, вядучым адміністрацыйны працэс, працэдуры, прадугледжанай ПВКаАП", — адзначае Аляксей Лойка.

4. А гэта нармальна, асудзіць чалавека толькі на падставе званка суседзяў?

Юрыст "Вясны" звяртае ўвагу, што вельмі важнай акалічнасцю з'яўляецца момант даказвання здзяйснення асобай дзеяння, якое цягне адміністрацыйную адказнасць.

Адна сітуацыя, калі ёсць доказы ў выглядзе фота ці відэа, якое пацвярджае факт парушэння асобай самаізаляцыі. Пры гэтым, варта заўважыць, што такое фота або відэа павінна быць прадстаўлена самой асобе, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Але іншая сітуацыя, калі чалавека судзяць на падставе званка суседзяў, якія сцвярджаюць, што чалавек парушаў рэжым самаізаляцыі.

Таму вельмі важна чалавеку, якога судзяць за парушэнне рэжыму самаізаляцыі, непасрэдна перад судовым пасяджэннем атрымаць якасную і вычарпальную прававую дапамогу.

5. А ці не вялікі штраф прызначылі пенсіянерцы, у якой тэст на COVID-19 станоўчы?

Аляксей Лойка адзначае ў дадзенай сітуацыі і празмерную суровасць спагнання.

Акрамя ўсяго іншага, задачай ПВКаАП, з'яўляецца абарона правоў, свабод і законных інтарэсаў асоб, падвергнутых спагнанню (ч. 1 арт. 1.2 ПВКаАП). І юрыст задаецца пытаннем: 

"У сітуацыі з тым прававым рэжымам, у якім мы знаходзімся цяпер, калі дзяржава не бярэ на сябе функцыю па выплаце грамадзянам адраснай грашовай падтрымкі, як гэта адбываецца ў развітых эканоміках, калі многія прадпрыемствы пераводзяць людзей у неаплатныя адпачынкі, калі многіх проста звальняюць у сувязі са спыненнем эканамічнай актыўнасці суб'ектаў гаспадарання, ці гуманным з'яўляецца накладанне спагнання, эквівалентнага па памеры сярэдняй зарплаце ў краіне да наступлення крызісу? А калі гэта пенсіянер?

У маім разуменні, калі ў чалавека станоўчы тэст на COVID-19, яго здароўе і жыццё і так знаходзяцца пад пагрозай. А калі дзяржава прымяняе спагнанне, несупаставімае з даходамі гэтага чалавека, не праводзячы тлумачальнай працы, не ўжываючы ніжняй мяжы санкцыі, дзяржава такім чынам ставіць здароўе і жыццё дадзенага чалавека ў яшчэ больш слабае становішча перад тварам пандэміі.

Няўжо нельга не ісці па шляху напаўнення бюджэту завоблачнымі штрафамі, а пачынаць з правядзення тлумачальнай працы, праводзячы прафілактычныя гутаркі аб тым, наколькі важна прытрымлівацца рэжыму самаізаляцыі? І рабіць гэта, адштурхваючыся ад ніжняга парога санкцыі, і ісці такім чынам па больш гуманным шляху".

Калі вы апынуліся ў падобнай сітуацыі, можаце звярнуцца па кансультацыю юрыстаў у "Грамадскую прыёмную" Праваабарончага цэнтра "Вясна" па тэлефоне + 375-29-841-39-81 або па гэтым нумары ў месэнджарах Signal, WhatsApp, Telegram, а таксама па электроннай пошце pierasled@spring96.org.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства