Праваабаронца з Барысава просіць Генпракуратуру даць адзнаку дзеянням міністра аховы здароўя Аўдыё
Праваабаронца ПЦ "Вясна" з Барысава Алег Мацкевіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Нагодай для гэтага стаў стрым Нацыянальнага прэс-цэнтра 8 красавіка, падчас якога міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік патлумачыў пазіцыю свайго ведамства, згодна з якой эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне даецца толькі ў агульных лічбах, а разбіўка па раёнах краіны давацца не будзе.
Па словах міністра, інфармацыя з разбіўкай па кожнаму раёну краіны выклікае ў некаторых грамадзян нездаровы інтарэс прыехаць ва ўказаныя населеныя пункты, каб “умяшацца ў асабістае жыццё пацыентаў і вынесці яго на суд грамадскасці”.
“Мы можам дайсці да таго, што нас папросяць раскрываць дакладныя адрасы пражывання пацыентаў”, — адзначыў падчас стрыму Уладзімір Каранік і нават дадаў, што за разгалошанне ўрачэбнай тайны прадугледжана крымінальная адказнасць.
У гэтай логіцы Міністра не зусім ёсць логіка, лічыць Алег Мацкевіч:
“Адна справа даваць агульныя дадзеныя (а гэта прадугледжана законамі, пачынаючы ад Канстытуцыі), і іншая справа, калі размова ідзе аб нейкіх канкрэтных персанальных дадзеных і ўрачэбнай тайне. Гэта абсалютна розныя рэчы, і увязываць іх у адно цэлае, на мой погляд, немагчыма”, — падкрэсліў праваабаронца.
У сваім звароце да Генпракуратуры Рэспублікі Беларусь Алег Мацкевіч спасылаецца як на міжнародныя нормы права (арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе замацавана права чалавека атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю), так і на нацыянальнае заканадаўства, а менавіта: на арт. 34 Канстытуцыі, згодна з якому грамадзянам гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. Узгадвае праваабаронца і Закон РБ «Об информации, информатизации и защите информации», а таксама Закон РБ «О санитарно-эпидемиологическом благополучии населения». Усе гэтыя законы таксама замацоўваюць права чалавека на атрыманне своечасовай інфармацыі, у тым ліку аб праведзеных санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемствах. А непрадастаўленне такой інфармацыі не можа быць агрунтавана абмежаваннямі, якія накладаюцца на гэтае права ў адпаведнасці з нормамі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі РБ.
Адмова ў прадастаўленні вычарпальнай інфармацыі аб дзейнасці Міністэрства аховы здароўя і санітарна-эпідэміялагічный сітуацыі на месцах парушае права грамадзян РБ на фармаванне і выказванне аб’ектыўнага меркавання адносна стану асяроддзя пражывання, пагрозаў і выклікаў, што ў выніку прыводзіць да прыняцця неадпаведных рашэнняў.
“На месцы я павінен ведаць, колькі захварэлых у маім горадзе, і адпаведна з гэтым прымаць рашэнні — ці сядзець дома, ці можна выйсці на прагулку, калі захварэўшых няшмат”, — адзначае праваабаронца.
Таму Алег Мацкевіч просіць Генеральную пракуратуру даць прававую адзнаку дзеянням і выказванням міністра аховы здароўя У. Караніка і прыняць неабходныя захады па абароне законных інтарэсаў і правоў грамадзян Беларусі.
Аб тым, што адкажа Генпракуратура, праваабаронца мяркуе наступнае:
“Падазраю, што яны будуць неяк залагоджваць сітуацыю. Не думаю, што так проста крэпасць гэта здасца. Але я адчуў неабходнасць напісаць гэты зварот”.