Полацк: бясконцыя суды за акцыю ў падтрымку незалежнасці
У судзе Полацка і Полацкага раёну працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі ў падтрымку незалежнасці, якая адбылася яшчэ 4 студзеня.
Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, 25 лютага суддзя Віктар Баліка аштрафаваў палачаніна Вячаслава Бойку на 10 базавых велічынь (270 рублёў). З тым, што яго прызналі ўдзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства, Віктар Бойка не згодны:
– З якой гэта пары ў нас забаронена выходзіць на вуліцу, і казаць усё, што ты думаеш? Выказваць свае меркаванні, нікому не замінаючы? Я жыву ў Полацку ўсё жыццё, але толькі зараз такія часы насталі, што мы ў сябе дома не можам рабіць таго, што лічым патрэбным. Гэта нейкае дзікунства! Сярэднявечча!
Вячаслава Бойку пакаралі за тое, што ён быў у ліку людзей, якія сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору, склаўшы слова “Незалежнасць” з раздрукаваных асобных літар.
20-га лютага за тое самае аштрафавалі Яўгена Вільскага і Анатоля Пракапенку, прысудзіўшы абодвум па 10 базавых велічынь штрафу.
На працягу студзеня аштрафавалі таксама Святлану Аглушэвіч, Яўгена Парчынскага, Вячаслава Парчынскага, Юрыя Касача, Ігара Валяева і Андрэя Зуева – яму прысуджаны самы вялікі штраф памерам 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Адміністрацыйны пратакол, складзены паводле артыкула 23.34 КоАП на Віктара Стукава, суд разглядаць не стаў: дакументы накіравалі на дапрацоўку ў міліцыю. І яшчэ некалькі чалавек чакаюць, пакуль судовыя пастановы ім дашлюць па пошце. Яны таксама адмовіліся ісці ў суд, бо не вераць у справядлівасць беларускага правасуддзя.