viasna on patreon

Абавязаная асоба: Дзяржаве выгадна трымаць людзей у "чорным целе"

2020 2020-02-18T13:15:05+0300 2020-02-18T13:21:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/obiazannye_lica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся Антон К. з горада Магілёва, які на ўласным прыкладзе распавёў аб становішчы абавязаных асобаў у Беларусі.

Мужчына распавёў, што яго пазбавілі бацькоўскіх правоў, і зараз кожны месяц з яго заробку вылічваюць 300 беларускіх рублёў на ўтрыманне яго дзіцяці дзяржавай. Пры гэтым працаваць Антону прапануюць толькі на дзяржаўным прадпрыемстве, а калі заробку не хапае, каб пакрыць выдаткі на дзіця – расце абавязак.

"Запазычанасць назапашваецца, і ў наступным адлічваецца ўжо не 300 рублёў з зарплаты, а 70%. На жыццё застаецца менш за 100 рублёў. А калі ўлічваць памер кварплата, аплаты харчавання, то на жыццё не застаецца фактычна нічога. Можна сказаць, што большая частка абавязаных асобаў жыве надгаладзь", – распавядае Антон.

Калі не выходзіш на працу на працягу нават аднаго дня, то ўчастковыя могуць скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 9.27 КаАП, а калі «прагулаў» набярэцца 10 і больш на працягу трох месяцаў – то абавязаныя асобы падвяргаюцца крымінальнаму пакаранню па артыкуле 174 КК і могуць пазбаўляцца волі на тэрмін да аднаго года.

Антон удакладняе, што ў Беларусі суд не разглядае адміністрацыйныя справы па арт. 9.27 КаАП, а рашэнне прымае начальнік РУУС. І практычна ва ўсіх выпадках абавязаныя асобы трапляюць на суткі, хоць у КаАП прадугледжаны і штраф да дзвюх базавых велічынь.

"Вось я таксама нядаўна патрапіў – гэта было маё першае парушэнне па артыкуле 9.27. Я працаваў на заводзе, і заробак пасля адлічэнняў быў менш за 100 рублёў. Я прыходзіў да банкамата, глядзеў, колькі я зарабіў за месяц, і ўсведамляў, што з такімі грашыма я проста не пражыву".

Антон пачаў шукаць падпрацоўку ў Інтэрнэце. Аднойчы яму трэба было на два дні адлучыцца з працы на заводзе, каб зарабіць хоць бы сабе "на хлеб". Мужчына прыйшоў у аддзел кадраў і папрасіў два дні за свой кошт без захавання заработнай платы, але яму адмовілі.

"Пад'ехаў чалавек, з якім я працаваў, я сабраўся і паехаў. Заяву я пакінуў у аддзеле кадраў. Пасля таго, як я зрабіў сваю працу, зноў выйшаў на завод. На прахадной мяне чакаў участковы, і за два дні «прагулу» мне далі 15 сутак арышту, за якія потым налічылі 150 рублёў".

Пры гэтым Антон сцвярджае, што пасля таго, як ён прабыў у камеры РУУС каля пяці гадзін, яму паказалі ўжо надрукаваны пратакол, ніхто яго не апытваў, тлумачэнняў не адбіраў, нават не размаўляў з ім.

"Мне патлумачылі, што я павінен проста распісацца, што нібыта з пратаколам азнаёміўся. Сказалі, будзеш падпісваць ці не будзеш - усё роўна ўжо прызначаныя суткі, і я буду арыштаваны. На сутках сядзіш пастаянна ў камеры, а потым па выхадзе за ўтрыманне там плаціш грошы, якіх у абавязаных асобаў і так няма".

Дарэчы сказаць – адпачынак у абавязаных асобаў складае ўсяго сем дзён у год.

Знаёмы Антона прапанаваў папрацаваць у Расіі. Мужчына пагадзіўся і на два гады з'ехаў на заробкі ў суседнюю краіну. Пасля таго, як вярнуўся – яго асудзілі на год пазбаўлення волі па арт. 174 КК.

У калёніі таксама трэба было працаваць. За год пазбаўлення волі доўг Антона перад дзяржавай павялічыўся.

"Калонія не можа даць годнай працы, і кожны год, праведзены там – павялічвае абавязак як мінімум на 3300 рублёў.

Дзяржаве мабыць выгадна заганяць людзей у такую ​​«кабалу». Асуджаныя, у якіх няма пазоваў, не атрымліваюць нічога. Я бачыў разліковыя лісточкі – 3 капейкі, 5 капеек – такія вось сумы. У абавязаных асобаў трохі пабольш. У мяне атрымлівалася каля 10 рублёў – 10%, атрымліваецца 100 рублёў была зарплата".

Антон кажа, што калі раней у яго была нейкая рэальная магчымасць пагасіць запазычанасць за больш-менш кароткі перыяд часу, то цяпер гэта становіцца непад'ёмным.

"Калі працаваць у сябе ў горадзе на прадпрыемстве з заробкам у 500 рублёў, і будуць адымаць 70% – няхай 350 рублёў я буду аддаваць, значыць 300 будзе сыходзіць на штомесячную выплату, а 50 рублёў – на доўг, то колькі мне трэба будзе адпрацаваць, каб яго пагасіць?"

Пасля выхаду з калоніі Антон звярнуўся ў цэнтр занятасці насельніцтва, яму далі накіраванне ў ліцейны цэх. Але за год у няволі ў мужчыны пачаліся праблемы са здароўем: моцныя болі ў спіне, нямеюць рукі па начах. Таму Антон вырашыў прайсці медыцынскае абследаванне.

"Я прыйшоў да лекара, патлумачыў сваю сітуацыю: што мне далі накіраванне на працу, але я дрэнна сябе адчуваю, не ўпэўнены, што змагу яе выконваць, а калі змагу – то яшчэ горш мне стане пасля гэтага. Лекар даў накіраванне на рэнтген і да неўролага. На наступны дзень прыйшоў паглядзець здымкі. Мне іх не аддалі, сказалі, што не ведаюць, дзе яны. Я зазірнуў у картку сваю, там было незразумелае нешта напісана – дыягназ ўжо быў пастаўлены, не ведаю, кім. Прызначылі мне ўколы, таблеткі, я самастойна дома лячыўся.

Праз некаторы час прыйшоў участковы, завёз мяне ў РУУС, і далі мне трое сутак арышту за тое, што я нібыта ўхіляюся. Я растлумачыў, што я хварэю, мне трэба прымаць лекі".

Як "Вясна" прапануе ўдасканаліць КаАП у дачыненні да абавязаных асоб?

У беларускім заканадаўстве створана спецыяльная катэгорыя людзей – «абавязаныя асобы». Пад імі маюцца на ўвазе тыя людзі, якія былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, а іх дзеці былі змешчаныя на дзяржаўнае забеспячэнне.

Па словах Антона, участковы з'ездзіў у паліклініку і прывёз даведку аб тым, што ён цалкам здаровы. Мужчына лічыць, што паліклініка дзейнічае ў звязку з міліцыяй, цэнтрам занятасці, і людзям проста адмаўляюць у лячэнні. На медыцынскай карце абавязанай асобы стаіць адзнака – налеплены чорны трохкутнік, і калі ўрач бачыць гэтую карту, то атрымаць бальнічны або накіраванне на абследаванне – малаверагодна.

Антон абскардзіў рашэнне аб арышце, а пасля зноў пайшоў у цэнтр занятасці, дзе яму далі новае накіраванне на працу:

"Я прыйшоў туды, мне сказалі, што я павінен быць тры ці чатыры месяцы вучнем. Пры тым, што ў мяне ёсць спецыяльнасці, але мне чамусьці даюць накіраванне не па іх, а вучнем.

Я спытаў, якая будзе заработная плата? Мне адказалі: 250 рублёў – вучнем, а потым, калі здам на разрад – будзе крыху больш.

Я так падумаў: калі я ў месяц павінен 300 рублёў плаціць, а мне будуць плаціць 250, то запазычанасць будзе зноў расці. Я напісаў на гэтым накіраванні, што адмаўляюся ад такой працы ў сувязі з тым, што заробак не будзе пакрываць запазычанасці. Аддаў у аддзел кадраў, там яны паставілі пячатку, напісалі, што адмовіўся ад прапанаванай працы.

З гэтым накіраваннем я паехаў у цэнтр занятасці – аддаў яго, і на мяне пачалі крычаць, што я не маю права адмаўляцца ад прапанаванай працы, сталі тэлефанаваць участковаму інспектару. Мне сказалі, што я "зноў трапіў" і мяне "будуць садзіць". Хоць па законе працу мне павінны былі прапанаваць па маёй спецыяльнасці".

Знаёмы прапанаваў Антону больш высокааплатную працу ў Мінску. Мужчына паспрабаваў даведацца нумар рахунку, каб самастойна плаціць дзяржаве за ўтрыманне дзіцяці. Але яму адмовілі, указаўшы, што працаваць мужчына можа толькі па накіраванні ад цэнтра занятасці.

"Але дзе ж логіка? Чаму я павінен працаваць за 250 рублёў у месяц, калі столькі ж я змагу зарабіць за тыдзень? І пры гэтым я буду добраахвотна пагашаць гэты доўг, каб яго хутчэй выплаціць. Але мне сказалі, што я павінен працаваць менавіта там, куды мяне накіравалі", – абураны Антон.

Мужчына лічыць, што дзяржаве мабыць выгадна трымаць у "чорным целе" усіх людзей, каб як мага больш выцягваць з іх грошай, і часта абавязаныя асобы самі згодныя з гэтым – яны ўжо апусцілі рукі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства