105 сутак мала? “Шэрага ката” выклікалі ў міліцыю і там далі позву на новы суд Дапоўнена
Блогера Зміцера Казлова (“Шэры кот”), які 21 студзеня выйшаў на волю пасля 25 сутак арышту, зноў выклікалі ў міліцыю. Начальнік міліцыі горада Барані Валчкоў папрасіў Казлова прыйсці для азнаямлення з пастановай суда, якая прыйшла з Мінску. “Шэры кот” плануе пайсці ў міліцыю ў 14 гадзін 24 студзеня.
Верагодна, міліцыянт меў на ўвазе пастанову суда Маскоўскага раёна Мінска ад 26 снежня, згодна з якой блогер атрымаў яшчэ 15 сутак арышту. Пра такі вынік ён даведаўся толькі 23 студзеня.
Казлоў думаў, што з міліцыі яго хутчэй за ўсё адправяць у ізалятар далей адбываць суткі арыштаў, якіх у яго засталося 80. “Шэры кот” прыйшоў у міліцыю са ўсемі неабходнымі для “сутак” рэчамі. Але ў выніку яму далі позву на 27 студзеня ў Ленінскі суд Мінска, дзе будзе разглядацца яго апошняя адміністрацыйная справа - за ўдзел у акцыі 8 снежня. Такім чынам блогер застаецца на волі.
Нагадаем, што Зміцер Казлоў быў затрыманы ўвечары 25 студзеня. На наступны дзень у судзе Аршанскага раёна яго асудзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня і адправілі адбываць 15-суткавы арышт. Падчас знаходжання пад вартай яго асудзілі яшчэ пяць разоў, і на кожным судзе ён атрымліваў новыя 15 сутак. Увечары 21 студзеня блогер нечакана выйшаў на волю. Казлоў патлумачыў, што яго часова адпусьцілі, паведаміўшы, што ў ізалятары нібыта будзе праводзіцца дэзінфекцыя.
За што і калі судзілі “Шэрага ката”?
- 26 снежня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня.
- 26 снежня, суд Маскоўскага раёна Мінска (завочна) – 15 сутак за ўдзел у акцыі 7 снежня.
- 9 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за ўдзел у акцыі 21 снежня.
- 10 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за ўдзел у акцыі 20 снежня.
- 13 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 29 снежня.
- 15 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 21 снежня.
- 16 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 20 снежня
- 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска мусіць адбыцца суд за ўдзел у акцыі 8 снежня.
Агулам блогер атрымаў 105 сутак арышту.
Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай наконт адміністрацыйнага пераследу Зміцера Казлова. Праваабаронцы выказваюць пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера і патрабуюць адмены ўсіх вынесеных у дачыненні да Змітра пастаноў. Яны нагадваюць, што ў выпадку працягу арышту блогер будзе лічыцца палітычным зняволеным, як і астатнія арыштаваныя ўдзельнікі мірных акцый.
Патрабуем неадкладна спыніць пераслед Дзмітрыя Казлова
Супольная заява праваабарончых ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96