viasna on patreon

«Біў нагамі з асабістай непрыязі». Бабруйскі пенсіянер расказаў, як яго збілі ў міліцыі

2020 2020-01-24T13:11:44+0300 2020-01-24T13:12:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ashmianski_ul.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімер Ашмянскі. Фота Радыё Свабода

Уладзімер Ашмянскі. Фота Радыё Свабода

Як паведамляе Радыё Свабода, 63-гадовы жыхар Бабруйску Уладзімер Ашмянскі, які правёў 18 год у турме за забойства, расказаў, што яго з «асабістай непрыязі» збіў міліцыянт. Пасля інцыдэнту медыкі дыягнаставалі ў мужчыны закрытую траўму брушной поласці і разрыў селязёнкі, якую яму выразалі.

Пацярпелы: міліцыянт забараніў хадзіць у цэнтры гораду

Уладзімер Ашмянскіў 2017 годзе вызваліўся з мазырскай калоніі, дзе адбываў 18-гадовае пакаранне за забойства. Ён інвалід 3 групы, пастаяннага жытла не мае. Часова зарэгістраваны ў цэнтры начнога знаходжання «Бомж» ды наведвае дабрачынную арганізацыю «Справядлівая дапамога». Атрымлівае 173 рублі пенсіі. З сынам, які жыве ва Украіне, і з сястрой стасункаў не мае.

Па словах Уладзімера Ашмянскага, яго пабілі ўвечары 29 снежня ў міліцэйскім пастарунку № 12 Бабруйску. Міліцыянт нібыта прычапіўся, што ён часта ходзіць па вуліцы Крылова ў цэнтры гораду, а гэта яму не падабаецца. Гэтага міліцыянта Ашмянскі не раз бачыў, але як завуць, не ведае. Пенсіянер кажа, што яго завезлі ў пастарунак і там цягам пяці хвілін білі нагамі. Каб не выклікаў хуткую дапамогу, кажа пацярпелы, міліцыянты з тэлефона вынялі сім-карту. Адзначае таксама, што ў пастарунку знікла ягонае пасведчанне інваліда.

Мужчына называе прычынай збіцця «асабістую непрыязь участковага».

«Калі мяне прывезлі ў міліцыю, то ён адразу нагадаў, што папярэджваў пра вуліцу Крылова, — згадвае пенсіянер. — Калі ж я яму адказаў: „Дзе хачу, там і хаджу“, то ён мяне пачаў біць».

«Прыходзіў экспэрт і зафіксаваў пабоі»

У траўмапункт Ашмянскі звярнуўся праз два дні пасля збівання — 31 снежня. Траўмы зафіксаваныя ў дакументах аб абследаванні. У выпісцы з Бабруйскай бальніцы хуткай дапамогі пазначана, што 1 студзеня пацыенту зрабілі аперацыю і два тыдні ён ляжаў у хірургічным аддзяленні.

Выпіска з бальніцы. Фота Радыё Свабода
Выпіска з бальніцы. Фота Радыё Свабода

Суразмоўца кажа, што па факце выяўленых цяжкіх цялесных пашкоджанняў супрацоўнікі Бабруйскага міжраённага аддзелу Следчага камітэту завялі крымінальную справу. Але следчыя не пакінулі яму ніякіх папер.

«Я хачу, каб чалавек, які зрабіў мяне яшчэ большым інвалідам, панёс за гэта пакаранне», — кажа Уладзімер Ашмянскі.

Так выглядае ў Ашмянскага жывот пасля аперацыі. Фота Радыё Свабода
Так выглядае ў Ашмянскага жывот пасля аперацыі. Фота Радыё Свабода

СК: праводзіцца расследаванне

Афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці Анастасія Лаўрыновіч падцвердзіла Свабодзе, што «па факце прычынення мужчыне цяжкіх цялесных пашкоджанняў» завялі крымінальную справу (ч. 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэксу).

«Цяпер праводзіцца расследаванне і вызначаецца асоба, якая прычыніла цяжкія цялесныя пашкоджанні, — сказала яна. — Хто канкрэтна нанёс пашкоджанні, казаць яшчэ рана».

Калі вы ці вашыя блізкія патрапілі ў сітуацыі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў, паведамляйце пра такія выпадкі ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" па тэлефоне: +375 29 841 39 81 або па пошце: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства