Крымінальны пераслед за графіці спынілі ў дачыненні да аднаго з фігурантаў
У дачыненні да анархіста Г. А. спыненая крымінальная справа па арт. 341 Крымінальнага кодэкса за нанясенне графіці перад Еўрапейскімі Гульнямі, якія прайшлі ў Беларусі з 21 па 30 чэрвеня.
Пра гэта малады чалавек даведаўся з паведамлення, накіраванага на ягоны адрас следчым Фрунзенскага РАСК Д. Красным.
Падставай для спынення крымінальнага пераследу стала ч. 2 арт. 250 КК:
«Пры недаказанасці ўдзелу падазронага або абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства, калі вычарпаныя ўсе магчымасці для збірання дадатковых доказаў, супраць іх спыняецца крымінальны пераслед у сувязі з нездзяйсненнем імі той прадугледжанай крымінальным законам дзеі, якая ім ставілася ў падазрэнне або абвінавачванне». |
Нагадаем, у красавіку ў дом пад Брэстам, дзе знаходзіліся анархісты, уварваўся САХР. Было затрымана 11 чалавек, ад якіх патрабавалі ўказаць свае пашпартныя дадзеныя і адрас пражывання. За любую адмову або непадпарадкаванне збівалі і прыкоўвалі кайданкамі. Пасля актывістаў адвезлі ў Кобрынскі РАУС, дзе працягнулі катаванні – удзельнікаў сходу білі, душылі і акуналі галавой у туалет.
Пасля гэтага дома ў актывіста Г. А. правялі ператрус, падчас якога акрамя ўлётак і налепак былі канфіскаваныя ноўтбук, жорсткі дыск, флэшкі і карты памяці, нататнікі і іншыя асабістыя рэчы хлопца. А 8 ліпеня прайшоў суд, які прыняў рашэнне падвергнуць актывіста анархісцкага руху Г. адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь па арт. 17.11 КаАП за захоўванне па месцы пражывання улётак, стыкераў, банераў з указаннем адраса сайта анархічнай групы «Рэвалюцыйнае дзеянне», занесенага ў сакавіку 2018 гадоў ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і заблакаванага на тэрыторыі Беларусі.
Пазней была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 341 Крымінальнага кодэксу – "Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці" за графіці, нанесенае на сцяну гаражнага кааператыва ў Мінску. Актывіст Г. А. стаў падазраваным па гэтай справе.
Анархіста аштрафавалі за ўлёткі на 50 базавых велічынь