viasna on patreon

Міхаіл Жамчужны: Аб сустрэчах не прасіце, але пішыце больш

2019 2019-11-21T15:56:30+0300 2019-11-21T16:40:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhemchuzhnyj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны

Як піша "Віцебская Вясна", Міхаіл Жамчужны ў сваім апошнім лісце, які атрымалі ад палітвязня віцебскія праваабаронцы, паведамляе аб прынцыповай немагчымасьці кароткіх сустрэчаў з ім калегаў-праваабаронцаў – праз забароны і дыскрымінацыйныя ўмовы, створаныя ў калоніі.

«Сустрэцца са мной не змаглі вядомыя беларускія праваабаронцы Андрэй Бандарэнка, Тацяна Равяка і Барыс Бухель», – піша Жамчужны. З ягоных словаў, гэтыя сустрэчы не дазволіла кіраўніцтва сістэмы выканання пакарання.

Зняволены Жамчужны просіць грамадзянскіх актывістаў спыніць спробы дамагацца падобных сустрэчаў яшчэ і праз тое, што ў калоніі створаныя дыскрымінацыйныя ўмовы для камунікацый падчас сустрэчаў.

«Стаўлю ў вядомасць, што сустрэчы праходзяць праз двайное шкло, размова адбываецца праз тэлефонную трубку пад наглядам супрацоўнікаў калоніі і з аўдыёцэнзурай. Перадача якіх-небудзь дакументаў, нават адвакатам, падчас сустрэчы забароненая!» – расказвае ў лісце Міхаіл Жамчужны.

Палітвязень лічыць вялікім дабром магчымасць штомесяц без абмежаванняў сустракацца з адвакатам з Мінску і па неабходнасці – з віцебскім адвакатам. «Гэтымі сустрэчамі загарантоўваецца мая бяспека», – піша ён.

«З перапіскай сітуацыя цалкам непрымальная, – кажа праваабаронца Леанід Свецік. – На маім прыкладзе, яна знізілася да аднаго ліста за месяц, раней ліст ад Жамчужнага прыходзіў амаль кожныя два тыдні. Праўда, былі перапынкі ў ліставанні, калі Жамчужны знаходзіўся ў ШІЗА».

«І цэнзары, як гаворыцца, не дрэмлюць», – іранізуе ў лісце палітвязень.

«Цягам апошніх гадоў вялікая частка ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі знішчалася цэнзурай. Апошнія выпадкі – лісты ў Чарнігаўскі Дом правоў чалавека, з Беларуска-Амэрыканскай асацыяцыі, ад Каўнярова (2019/10/31) – за «цынізм», – удакладняе Жамчужны.

Тым не менш, зьняволены праваабаронца просіць пісаць яму больш і часцей. Бо гэтак павялічваецца імавернасць таго, што хоць частка лістоў знойдзе свайго адрасата.

«У апошні час лісты ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага прыходзяць з вялікімі затрымкамі, таму кожны ліст становіцца каштоўным той інфармацыяй, якую змяшчае, – пра стан здароўя, пра тое, якія падзеі і працэсы адбываюцца ў калоніі», – пракаментаваў Леанід Свецік сытуацыю наконт ліставання з вязнем папраўчай калоніі №9 Міхаілам Жамчужным.

Лісты дасылайце на адрас:

213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласьць, Беларусь 
Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства