Аналітычная справаздача па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Дакумент
Назіранне ажыццяўляецца актывістамі РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
ВЫСНОВЫ
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання былі прызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 2019 г. № 294 і адбыліся 17 лістапада 2019 г.
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і выбары Прэзідэнта павінны былі адбыцца ў 2020 годзе –выбары дэпутатаў не пазней верасня 2020 г., а выбары прэзідэнта не пазней жніўня 2020 г.
Яшчэ за два гады да прызначэння выбараў старшыня ЦВК Л. Ярмошына заяўляла ў СМІ, што не выключае перанос адной з выбарчых кампаній 2020 г. на больш ранні тэрмін. Паводле Л. Ярмошынай, рашэнне аб пераносе адной з выбарчых кампаній на 2019 г. будзе прымацца кіраўніцтвам краіны.
У красавіку 2019 г. А. Лукашэнка ў сваім традыцыйным штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу заявіў, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Беларусь адбудуцца ў 2019 годзе. Такім чынам правядзенне парламенцкіх выбараў было прызначана на год раней за заканчэнне паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання.
Паколькі падстаў для датэрміновага спынення паўнамоцтваў Парламента, прадугледжаных арт. 94 Канстытуцыі, няма, а чатырохгадовы тэрмін яго паўнамоцтваў не мінуў, Указ прэзідэнта № 294 парушае канстытуцыйную норму пра тэрмін паўнамоцтваў Парламента, і з'яўляецца ўмяшальніцтвам у дзейнасць органа заканадаўчай улады. Істотнае скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў паменшыла колькасць сесій заканадаўчага органа да сямі (ПП НС чацвёртага склікання правяла 11 сесій, пятага склікання – 10 сесій).
Выбары праходзілі на фоне складаных палітычных абставін у свеце і ў Еўропе, якія істотна змяніліся, у тым ліку ў сувязі з расійска-украінскім канфліктам. Тэндэнцыя да пацяплення адносін паміж Беларуссю з ЗША, краінамі Еўразвязу, якая азначылася яшчэ перад папярэднімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, прывяла да пэўных пазітыўных зменаў ва ўнутранай палітыцы. Улады пашырылі супрацоўніцтва з ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў галіне правоў чалавека.
Аднак становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца стабільна дрэнным, і сістэмных пазітыўных зменаў у гэтай галіне не адбываецца. Прагрэсіўныя змены ў заканадаўстве, якія рэгулююць ажыццяўленне правоў і асноўных свабод, – дэкрыміналізацыя ўдзелу ў дзейнасці незарэгістраваных арганізацый, увядзенне элементаў заяўнага прынцыпу арганізацыі масавых мерапрыемстваў – суправаджаюцца ўвядзеннем адміністрацыйнай адказнасці за тыя ж дзеянні і ўсталяваннем высокіх ставак за абавязковую ахову міліцыяй грамадскага парадку на масавых мерапрыемствах.
Адзначаецца значнае скарачэнне колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных арыштаў і выпадкаў крымінальных спраў. Аднак пры гэтым улады цалкам не адмовіліся ад практыкі рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, якія рэалізоўвалі свае канстытуцыйныя правы на свабоду меркаванняў і іх выказвання, свабоду мірных сходаў і веравызнанняў, пераследу незалежных журналістаў. Таксама не былі прынятыя меры па аднаўленні ў поўным аб'ёме палітычных і выбарчых правоў былых палітвязняў.
Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, якія былі зробленыя ў выніку назірання за папярэднімі парламенцкімі выбарамі ў 2016 годзе так і не былі імплементаваныя ў нацыянальнае выбарчае заканадаўства. Праца створанай у 2016 годзе міжведамаснай працоўнай групы па падрыхтоўцы прапаноў аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства скончылася нічым.
Такім чынам, парламенцкія выбары адбываліся паводле нормаў выбарчага заканадаўства і прававых практык, якія неаднаразова былі скрытыкаваныя як нацыянальнымі, так і міжнароднымі місіямі па назіранню за выбарамі. Асноўныя праблемныя моманты выбарчага працэсу, такія як фармаванне выбарчых камісій, датэрміновае галасаванне, падлік галасоў, засталіся бяззменнымі. Гэтая акалічнасць шмат у чым паўплывала на характар адбыўшыхся парламенцкіх выбараў.
Выбары дэпутатаÿ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ў цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Найперш гэтыя высновы абумоўлены адсутнасцю роўнага доступу да дзяржаўных СМІ для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, фактамі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдатаў, шматлікімі фактамі прымусу выбарцаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.
Традыцыйна найбольшыя аргументы для крытыкі даюць непразрыстыя працэдуры падліку галасоў, што дае падставы для сур’ёзных сумневаў адносна адпаведнасці вынікаў такога падліку рэальнаму волевыяўленню выбарцаў.
Выбарчыя камісіі
Большасць назіральнікаў кампаніі мелі магчымасць бесперашкодна прысутнічаць на пасяджэннях органаў, якія ўтваралі ТВК, АВК і УВК.
На пасяджэннях органаў па фарміраванні ТВК і АВК у большасці выпадкаў абмяркоўваліся дзелавыя і асабістыя якасці вылучаных у склад выбарчых камісій, праводзілася персанальнае галасаванне. Аднак пры фарміраванні УВК у большасці выпадкаў (77,5%) абмеркавання вылучаных у склад прэтэндэнтаў не адбывалася і галасаванне праходзіла па загадзя вызначаным спісе прэтэндэнтаў без абмеркавання кандыдатур (52,5% выпадкаў). У асноўным гэта датычылася УВК, у якіх не было конкурсу і ўсе вылучаныя асобы былі ўключаныя ў камісіі. Пры гэтым, у шэрагу выпадкаў назіральнікі паведамлялі, што прэтэндэнты былі загадзя адабраныя спецыяльна створанымі выканкамамі “рабочымі групамі”.
У большасці выпадкаў назіральнікі адзначаюць “вытворчы прынцып” фарміравання УВК, калі сябры камісіі прадстаўляюць адзін і той жа працоўны калектыў, а іх непасрэдныя начальнікі з’яўляюцца старшынямі гэтых выбарчых камісій; склад УВК паводле назіральнікаў кампаніі не выявіў значных зменаў з моманту правядзення папярэдніх выбарчых кампаній.
Адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, якія прымаюць удзел у выбарах, як і раней, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў.
Асноўнымі арганізатарамі выбараў, як і раней, з’яўляюцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў (Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне веэранаў) і прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ, да якіх сёлета далучыўся Беларускі фонд міру. Уключэнне прадстаўнікоў гэтых арганізацый ў ТВК, АВК і УВК склала 92,8%, 93,6% і 95,9% ад вылучаных імі адпаведна.
Працэнт праходнасці ў склад камісій ад трох апазіцыйных грамадскіх аб’яднанняў (ГА БНФ “Адраджэнне”, ГА “Рух за Свабоду” і ГА “Гавары праўду”), якія таксама вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій, складае 0% у ТВК і 2,8% у АВК.
Пры фарміраванні камісій традыцыйна захаваўся дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: працэнт праходнасці іх прадстаўнікоў у склад камісій застаецца традыцыйна нізкім – 18,75% ад вылучаных у ТВК, 21,2% ад вылучаных у АВК і 4,2% ад вылучаных ва УВК; агульны працэнт іх прадстаўніцтва ў складзе ТВК, АВК і УВК нязначны (2,5% у ТВК, АВК і 0,033% ва УВК).
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў прайшлі без істотных адрозненняў ад мінулых парламенцкіх выбарчых кампаній; амаль усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя.
Колькасць забароненых месцаў для правядзення пікетаў па зборы подпісаў практычна не змянілася, а ў некаторых рэгіёнах зменшылася; збор подпісаў адбываўся ў спакойнай абстаноўцы, без перашкодаў для ініцыятыўных груп з боку ўлады.
Як і падчас папярэдняй выбарчай кампаніі, пры зборы подпісаў адзначаны выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдатаў, чаму спрыяе адсутнасць забароны збіраць подпісы на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў.
Вылучана 703 прэтэндэнты на дэпутацкі мандат, што перавышае паказчык мінулых кампаній (365 – у 2008 г., 464 – у 2012 г., 630 – у 2016 г); колькасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты павялічылася ў параўнанні з выбарамі 2016 года (18,9% адмоваў у 2019 г. і 15,1% – у 2016 г.).
На фоне непразрыстай працэдуры праверкі подпісаў зафіксаваная вялікая колькасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты апазіцыйным актывістам, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў; меліся прыкметы злоўжывання пры праверцы дакументаў у асобных ВК, што магло мець на мэце недапушчэнне вядомых апазіцыйных лідараў да ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Перадвыбарчая агітацыя
Мясцовыя ўлады ў большасці рэгіёнаў стварылі добрыя ўмовы для правядзення перадвыбарчай агітацыі; у параўнанні з выбарамі 2016 г. колькасць месцаў для масавых мерапрыемстваў і колькасць памяшканняў для сустрэч кандыдатаў з выбарцамі павялічылася.
Шырока выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс у мэтах спрыяння праўладным кандыдатам у правядзенні перадвыбарчай агітацыі, у той час як для шэрагу незалежных і апазіцыйных кандыдатаў ствараліся перашкоды.
Адзначаны выпадкі нядопуску ў эфір агітацыйных выступаў апазіцыйных кандыдатаў. АВК і кіраўніцтва дзяржаўных СМІ вельмі шырока прымянялі абмежаванні, устаноўленыя арт. 47 ВК, што ў большасці выпадкаў насіла характар цэнзуры і недапушчальнага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў; на падставе парушэння патрабаванняў арт. 47 ВК прымаліся рашэнні аб адмене рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.
Нягледзячы на вялікую колькасць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, адзначана іх невысокая актыўнасць у выкарыстанні магчымасцяў вядзення перадвыбарчай агітацыі: 47,7% ад агульнай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў удзельнічалі ў тэледэбатах, толькі 58,9% – апублікавалі свае перадвыбарчыя праграмы; 73,9% – выступілі на тэлебачанні, 68,4% – на радыё; у параўнанні з мінулымі выбарамі скарацілася колькасць заяўленых кандыдатамі масавых мерапрыемстваў.
Датэрміновае галасаванне
Афіцыйная яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне склала 35,77%, што з’яўляецца найбольшым вынікам пры правядзенні парламенцкіх выбараў 2008, 2012, 2016 гг.
Правядзенне датэрміновага галасавання традыцыйна насіла арганізаваны характар: адміністрацыі ВНУ, дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў настойліва прапаноўвалі выбаршчыкам прыняць удзел у датэрміновым галасаванні, вялі ўлік прагаласаваўшых і інфармавалі аб яго ходзе мясцовыя выканаўчыя органы ўлады;
У шэрагу выпадкаў арганізацыя ўдзелу выбаршчыкаў у датэрміновым галасаванні насіла прымусовы характар. 30% назіральнікаў адзначылі, што фіксавалі факты прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні (для параўнання: у 2016 г. пра гэта сведчылі 18% назіральнікаў).
У трыццаці дзвюх УВК, дзе назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” бесперапынна вялі ўлік усіх прагаласаваўшых выбаршчыкаў, назіралася перавышэнне дадзеных пратаколаў УВК ад колькасці, падлічанай назіральнікамі. У некаторых УВК розніца ў дадзеных камісій і назіральнікаў па яўцы выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні насіла анамальны характар – у два, тры, пяць і нават у адзінацць разоў болей за дадзеныя назіральнікаў.
Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу Беларусі і стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.
Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў
Існуючыя працэдуры галасавання па месцы знаходжання выбарцаў даюць магчымасці для маніпуляцый. Назіральнікі не могуць праверыць, ці сапраўды паступалі заяўкі выбаршчыкаў аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання, на практыцы гэта дазваляе арганізаваць такое галасаванне і без заявак. 60% назіральнікаў адзначылі факты ўнясення ў спіс для галасавання па месцы знаходжання асобаў, якія не звярталіся з такой просьбай.
На некаторых участках зафіксавана анамальна высокая колькасць прагаласаваўшых па месцу знаходжання.
Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў
У ВК адсутнічае апісанне працэдуры падліку выбарчых бюлетэняў. Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і прапановы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» аб урэгуляванні гэтай працэдуры праз пастанову ЦВК пры падрыхтоўцы выбараў не былі ўлічаны.
Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, УВК ажыццяўлялі сумесны і адначасовы падлік бюлетэняў, не агалошваючы і не дэманструючы ўсім прысутным кожны выбарчы бюлетэнь. Такая працэдура падліку бюлетэняў не з’яўляецца празрыстай і не дазваляе суаднесці вынікі назірання за падлікам галасоў з дадзенымі, адлюстраванымі ў пратаколе аб выніках галасавання. 98,7% назіральнікаў кампаніі адзначылі, што працэдура падліку галасоў насіла непразрысты характар. Падчас назірання за парламенцкімі выбарамі 2016 г. гэтая лічба склала 95,31%.
Падчас назірання за працэдурай падліку галасоў назіральнікамі кампаніі адзначаліся і іншыя парушэнні працэдур падліку: у 35% УВК, у якіх ажыццяўлялася назіранне, не агалошваліся вынікі асобнага падліку галасоў, у 47% УВК падлік бюлетэняў не ажыццяўляўся асобна за кожнага кандыдата, у 63,7% УВК назіральнікі знаходзіліся ў нязручным для ажыцяўлення назірання за падлікам галасоў месцы.