Уладзімір Лабковіч: “Тых, хто прагаласаваў датэрмінова, будзе каля 40%. І гэта здзек над людзьмі!”

2019 2019-11-15T16:50:38+0300 2019-11-15T17:21:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/labkovich1611.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лабковіч

Уладзімір Лабковіч

Каардынатар кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч пракаментаваў этап правядзення датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах, які праходзіць з 11 па 16 лістапада.

Так, праваабронца адзначае, што датэрміновае галасаванне адбываецца з грубейшымі парушэннямі заканадаўства:

“Усе тыя “хваробы”, якімі “хварэлі” беларускія выбары, ускладняюцца: то датэрміновае галасаванне, якое мы бачым, цалкам сябе скампраментавала”.

Уладзімір Лабковіч звяртае ўвагу на два асноўныя моманты, якія назіраюць праваабаронцы ў час датэрміновага галасавання.

1. Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, калі студэнтаў і супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў татальна і масава па ўсёй краіне гоняць на выбарчыя ўчасткі.

“Мне цікава, што Лідзія Міхайлаўна будзе казаць далей, калі ў іх скончацца выбаршчыкі і да дню выбараў ўвогуле нікога не застанецца галасаваць? Мы бачым, што ў гэтым годзе лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова, будзе каля 40%. І гэта абсалютны здзек над людзьмі!

Лідзія Міхайлаўна ў сваёй цынічнай манеры кажа пра выбары як форму выхавання новага пакалення. Аднак узнікае пытанне, чаму гэтыя функцыі знаходзяцца ў адміністрацыі і службовых асобаў, у якіх людзі знаходзяцца ў падпарадкаванні? І як студэнты і супрацоўнікі прадпрыемстваў успрымаюць словы свайго начальства пра неабходнасць галасаваць датэрмінова: іх выхоўваюць і запрашаюць ласкава, ствараючы ім ўсе ўмовы, ці ціснуць для таго, каб прымусіць да паходу на ўчастак?” – задаецца пытаннямі праваабаронца.

Як прыклад прымусу, Уладзімір Лабковіч узгадвае выпадак на выбарчым ўчастку ў Бабруйску, дзе адна выбаршчыца, якая працуе ў “органах”, папрасіла даведку, каб паказаць свайму начальству, што яна прагаласавала датэрмінова.

“І ў камісіі не ўзнікла ніякіх пытанняў! Жанчыне адказалі, што даведку даць не могуць, але могуць падцвердзіць па тэлефоне факт датэрміновага галасавання выбаршчыцы. А дзе ж тады таямніца галасавання і ўдзелу ў ім?” – абураецца каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

2. Масавыя факты фальсіфікацыі яўкі.

“Нажаль, мы фіксуем завышэнне яўкі, якая проста бярэцца са столі, і на некаторых участках у дзесяць разоў перавышае тую лічбу, якую налічылі нашыя назіральнікі”, - кажа Уладзімір Лабковіч.

Праваабаронца адзначае, што гэтая кампанія адрозніваецца ад мінулай і пагаршэннем ўмоваў для назірання, калі члены камісіі забараняюць назіральнікам выконваць свае функцыі:

“У тым ліку абсалютна абсурдная з кропкі гледжання права і абсалютна зразумелая з кропкі гледжання тых людзей, якія фальсіфікуюць выбары, – забарона на фатаграфаванне пратаколаў. Пратаколы вывешваюцца для публічнага азнаямлення і іх фатаграфаванне, як кажа сам ЦВК у метадычных рэкамендацыях, - форма вырабу пратакола, на што назіральнік мае права, згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэкса. І такія забароны камісій абсалютна незаконныя, але яны робяцца для таго, каб не дапусціць збор фактуры, які даказвае прыпіску выбаршчыкаў і фальсіфікацыю яўкі”.

За фатаграфаванне назіральнікам выносяць папярэджанне, забараняюць ім дзейнічаць на выбарчых участках, а часцяком і выдаляюць з ўчасткаў.

“Безумоўна, мы будзем адсочваць кожны факт выдалення нашых незалежных назіральнікаў. Усё гэта сведчыць аб тым, што і магчымасці назірання істотна пагоршыліся ў параўнанні з мінулай  кампаніяй”, – падсумоўвае Уладзімір Лабковіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства