viasna on patreon

Сустрэча блогераў у Менску. Як гэта было (рэпартаж анлайн) Фота Дапоўнена

2019 2019-11-08T18:07:16+0300 2019-11-08T21:30:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/img_20191108_174744_800.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У цэнтры Менску, на плошчы Свабоды, праходзіць акцыя-сустрэча з вядомымі блогерамі, на якую ўсіх запрасіў NEXTA.

Нагадаем, што не ўсе блогеры змаглі трапіць на сустрэчу.

На акцыі знаходзяцца назіральнікі за мірнымі сходамі #ControlBY.

Назіральнікі заўважылі 34 супрацоўніка праваахоўных органаў, апранутых у цывільнае. Тыя выбарачна правяраюць рэчы грамадзян, якія знаходзяцца на акцыі.

На плошчы Свабоды таксама праходзіць пікет кандыдата Алены Талстой, якую падтрымлівае арганізацыя Еўрапейская Беларусь. Акрамя гэтага, стаяць пікеты і Сяргея Клішэвіча, кандыдата ад БРСМ, Таццяны Сайганавай ад “Белай Русі”, а таксама Аксаны Гайдук і Ігара Малатоўніка.

На момант 18.00 на акцыі заўважана каля 300 чалавек. 

Раптам пачынаецца патасоўка. Людзі крычаць, што супрацоўнікі міліцыі разбілі гукаўзмацняльнік. Людзі рвуцца да гарадской ратушы. Туды закінулі некалькі людзей. Іншыя пытацца туды прарвацца, але начальнік АМАПа Дзмітры Балаба нікога не пускае.

Затрыманы Андрэй Шарэнда - за тое, што спрабаваў усталяваць праектар, каб паказаць фільм NEXTA на будынку ратушы. Праз некалькі хвілін яго адпусцілі

Людзі скандуцюць "Жыве Беларусь", "Жыве", "Мы выступаем за перемены".

Назіральнікі налічваюць каля 450 удзельнікаў сходу і каля 50 супрацоўнікаў у цывільным.

Удзельнікі акцыі падыходзяць да свабоднага мегафону. 

З іншага боку плошчы гучна грае музыка. Прадстаўніцы і прадстаўнікі БРСМ рухаюцца пад песню "Мы будущее страны".

Па стане на 18.30 назіральнікі налічваюць каля 500 чалавек.

Назіральнікі заўважаюць, што намеснік міністра МУС Аляксандр Барсукоў піхаў Зміцера Паліенку.  Зміцер крычыць, што той стаў яму на нагу і што яго правакуюць на бойку.

Удзельнікі выступаюць праз мегафон. Сярод іншага гучыць прапанова запісвацца ў ПЦ "Вясна" і "Права выбару", каб дапамагаць назіраць за выбарамі.

Назіральнікі паведамляюць, што затрымана тэлевізійная журналістская група з Асацыяцыі тэлекампаній Германіі (ARD): Дэміян вон Остэн (Demian von Osten), Сяргей Сяргееў ды Аляксандр Салдатаў. Зараз яны знаходзяцца ў цэнтральным РУУС.

На акцыю прыйшло 550 чалавек (па стане на 19.00)

Але праз 15 хвілін колькасць людзей зменшылася: засталося каля 250 чалавек.

Тым часам каля БРСМ працягвае граць музыка. Усё - у межах пікету Сяргея Клішэвіча, які з'яўляецца яго першым сакратаром.

Першапачаткова канчатак акцыі планаваўся ў 19.00, але людзі не разыходзяцца.

Сяргей Клішэвіч у інтэрв'ю карэспандэнткі БЕЛСАТ падчас стрыму кажа, што пікет БРСМ на плошчы Свабоды запланаваны ў межах выбараў, і гэта ніяк не звязана з акцыяй NEXTA. Тое, што гучная музыка перашкаджала удзельнікам акцыі, з-за чаго тым прыйшлося перамясціцца на іншы бок плошчы - супадзенне.

Па апошняй інфармацыі, журналісты Асацыяцыі тэлекампаній Германіі (ARD) вызваленыя, яны чакаюць каля РУУСа кіроўцу, які разам з тэхнікай застаецца ў пастарунку.

Назіральнікі адзначаюць, што па стане на 20.00 супрацоўнікі праваахоўных органаў разыходзяцца, спецтранспарт ад'язджае. Але галоўныя супрацоўнікі міліцыі пакуль застаюцца. 

Па стане на 20.40 на плошчы застаецца 16 супрацоўнікаў праваахоўных органаў і 46 удзельнікаў акцыі. 

Тым часам Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе, што кіроўца нямецкага тэлеканала ARD адпушчаны разам з тэхнікай (агулам ён правёў у пастарунку 2,5 гадзіны)

Такім чынам супрацоўнікі міліцыі сарвалі працу нямецкіх журналістаў падчас акцыі. Гэта быў першы сур’ёзны інцыдэнт з затрыманнем журналістаў падчас сёлетняй выбарчай кампаніі, - адзначае БАЖ.

У 21.04 #ControlBY сканчае назіранне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства