Алесь Бяляцкі патрабуе свабоды Дзмітрыю Паліенку Відэа
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, які прымае ўдзел у мерапрыемствах у межах нарады АБСЕ па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння ў Варшаве, патрабуе свабоды для актывіста Дзмітрыя Паліенкі.
"Знаходзячыся тут, дзе сабраліся прадстаўнікі шматлікіх няўрадавых арганізацый з краін АБСЕ, мяне не адпускае думка пра лёс нашага зняволенага грамадскага актывіста Дзмітрыя Паліенкі.
Літаральна на днях стала вядома што суд над ім, які пачнецца 25 верасня, будзе закрыты.
Гэта абуральна, паколькі парушаюцца ягоныя правы на адкрытае судовае разбіральніцтва, і аб тым, што будзе фактычна адбывацца у судзе, мы ведаць не будзем.
Калі суд пройдзе ў закрытым рэжыме ў праваабаронцаў будзе поўная падстава лічыць Паліенку палітычным зняволеным.
Трэба сказаць, што абвінавачванні супраць Дзмірыя Паліенкі маюць абсурдны характар, яго абвінавачваюць у распальванні варожасці да работнікаў міліцыі, але што гэта за такая сацыяльная група? Яго абвінавачваюць у абразе былога міністра ўнутраных спраў Шуневіча, які ўжо не міністр і ўвогуле, чаму за гэта прымяняецца крымінальная адказнасць?
На маю думку, закрыты працэс адбываецца таму, што абвінавачванні, які выстаўляюцца супраць Дзмітрыя Паліенкі, маюць яўны палітычны характар і сам судовы працэс не вытрымлівае ніякай крытыкі.
Свабоду Дзмітрыю Паліенку!"