viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Сумна, нецікава, прадказальна

2019 2019-09-06T17:51:34+0300 2019-09-06T17:56:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_euroradio.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Што ж новага паказалі першыя этапы выбарчай кампаніі?

Адказаць на гэтае пытанне можна вельмі простра – нічога. Нічога істотна новага. Усё адбываецца пад пільным кантролем выканаўчай “вертыкалі”, якая спраўна і без збояў робіць сваю з гадамі добра адладжаную працу.

Працэс фармавання тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій прайшоў скрайне прадказальна.

Ізноўку, як заўсёды, большасць месцаў у створаных ТВК і АВК атрымалі прадстаўнікі праўладных партый і пяці найбуйнейшых праўладных арганізацыі (БРСМ, Белая Русь, Саюз жанчын і Саюз ветэранаў), а таксама розных дзяржаўных прафсаюзаў, якія ўсе як адзін уваходзяць у праўладны ФПБ.

Апазіцыя, якая актыўна вылучала сваіх прадстаўнікоў у камісіі, ізноўку ж традыцыйна, у тыя камісіі не патрапіла. А што тут дзіўнага, спытаеце вы? Ды і сапраўды – нічога. Менавіта “належным чынам” створаныя выбарчыя камісіі з’яўляюцца гарантыяй паспяховай для ўладаў выбарчай кампаніі. Так было і так будзе.

Наогул сёлетняя выбарчая кампанія не выклікае аніякай цікавасці да яе з боку звычайных грамадзянаў. Усе даўно ведаюць правілы гульні. Выпадковых людзей у сістэме не бывае.  Нават  апазіцыянеры, якія патрапілі ці яшчэ патрапяць у парламент – узгодненыя, там, на самым версе. Ніякіх сюрпрызаў. Прычым гэта ведаюць усе: і тыя, што выбары праводзяць, і тыя, хто ў іх удзельнічае. Адныя ведаюць, што іх усё адно абяруць, што б яны не рабілі. Таму нічога і не робяць. Усё адно ж абяруць, усё ж узгоднена. Другія – роўна наадварот: што не рабі, усё адно не абяруць. І яны гэта ведаюць. Вось такое замкнёнае кола атрымліваецца аднак.

Штогод нашыя выбары ўсё болей нагадваюць выбары ў СССР. Гэтакі вясёленькі адміністратыўны рытуальчык пад гарэлачку ў буфеце. Выраслі цэлыя пакаленні, якія не ведаюць, што такое выбары, што такое рэальная дэмакратыя. Баюся, што яны нават думаюць, што гэта яна, дэмакратыя, такая і ёсць. З гарэлачкай у буфеце.

Калі я быў малы, на прыканцы 70-х ці пачатку 80-х,  мы хадзілі з таткам на выбары. Я памятаю святочную атмасферу, якая панавала ў Менскім ДК МАЗ: буфет, духавы аркестр і радасныя савецкія грамадзяне, якія прыйшлі прыняць удзел у выбарах без выбару. Атмасфера народнага свята замяняла рэальны палітычны плюралізм. Дэманстрацыя нібыта народнага адзінства ўсіх савецкіх грамадзянаў замяняла дэмакратыю.

Аднак пры ўсім падабенстве выбарчага працэсу і імітацыі народнага адзінства з дэмакратыяй усё ж розніца, і даволі істотная, ёсць. У сучаснай Беларусі, у адрозненні ад СССР, можна быць незалежным ад дзяржавы і па магчымасці не зважаць на ўсялякага роду органы, камісіі і камітэты.

У сучаснай Беларусі ўсё ж можна, калі пастарацца, дазволіць сабе раскошу жыць сваім жыццём, гаварыць тое, што думаеш, займацца ўлюблёнай справай і не ўступаць у піянеры. А таксама не хадзіць на выбары.

А што на іх хадзіць? Сумна, нецікава, прадказальна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства