Пракуратура, правер! Чаму за «збітага маці» берасцейца пацярпеў блогер Пятрухін?
У ходзе нарады прэзідэнта па пытаннях якасці працы праваахоўных органаў пры раскрыцці і расследаванні злачынстваў ўсплылі некаторыя супярэчнасці ў дзейнасці сілавых структур. У прыватнасці, выклікае пытанні роля пракуратуры (і Генеральнай у тым ліку) у разглядзе заяў аб здзяйсненні службовымі асобамі МУС і СК службовых злачынстваў.
Праваабаронцы "Вясны" паставілі сваёй задачай дапамагаць пракуратуры ў пошуку тых спраў, якія безумоўна патрабуюць яе ўвагі ў святле выступлення кіраўніка дзяржавы.
Нагадаем пра яшчэ адну сумніўную справу, якую, на жаль, абвінавачванню ўдалося паспяхова працягнуць праз суды.
Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін гучна заявіў на ўвесь YouTube аб тым, што канкрэтныя міліцыянты здзекваліся над грамадзянінам, і ім за гэта нічога не было. Пра тое ж самае сам пацярпелы - Павел Камінскі з Брэста, - пісаў ва ўсе магчымыя інстанцыі, атрымліваючы ў выніку адпіскі, з якіх вынікала, што на "ластаўку" яго ніхто не ўкладваў і не біў, а быў ён на вачах міліцыянтаў у памяшканні міліцыі збіты ... сваёй мамай.
Як распавядаў праваабаронцам Павел, тры гады таму 3 ліпеня яго жорстка і беспадстаўна збілі ўчастковыя Ленінскага РУУС г. Брэста. Яго затрымлівалі ў мясцовым кафэ нібыта ў сувязі з непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі, але потым справа Камінскага, па якой яго затрымлівалі, спынілі ў судзе ў сувязі з недаказанасцю дзеянні.
«Закруцілі мне рукі, сілай зацягнулі ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Спартыўнай і там жорстка збілі. Пагражалі забіць, а затым вывалаклі з апорнага пункта на вуліцу і пырснулі з балончыка ў вочы", - успамінае Павел Камінскі.
Павел да гэтага спрабуе дамагчыся справядлівасці і прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці. Следчы камітэт упарта не бачыў прычын распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якіх нават не адхілілі ад выканання абавязкаў на час разбіральніцтва.
Вось так, адпіскі пасля адмены пастаноў - дзевяць разоў. І гэта нягледзячы на тое, што судмедэксперты запэўніваюць, што цялесныя пашкоджанні Паўлу маглі быць прычыненыя апісанымі ім дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі.
Міліцыянты не выратавалі Паўла ад азвярэлай мамы (мама, дарэчы гэты "напад" на сына ў судзе, будучы папярэджанай аб крымінальнай адказнасці за дачу заведама ілжывых паказанняў, адмаўляе), а пракуратура горада і вобласці ніякіх парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў не ўгледжвае. А як інакш? Іх жа прадстаўнік падтрымаў абвінавачанне ў справе блогера Пятрухіна, які гэтую ўсю гісторыю выцягнуў на свет.
Але пакуль Павел працягвае спадзявацца на расследаванне, судовыя выканаўцы ўжо рыхтуюцца вынесці з хаты рэчы Пятрухіна: шчырасць і адкрытасць каштавала дарагога - сума штрафу і пакрыццё маральных пакут міліцыянтаў наблізіліся да 18 000 беларускіх рублёў.
Судовыя выканаўцы наклалі арышт на маёмасць блогера Пятрухіна
Можа, хоць адным вокам пракурорскія чыноўнікі зірнулі б на матэрыялы праверкі па Камінскаму? Там, паверце, ёсць пра што будзе напісаць.
Гісторыя Паўла Камінскага ў праваабарончым праекце #БезПраваНаРасправу
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96