viasna on patreon

FIDH абураная выключэннем арганізацый грамадзянскай супольнасці з дыялогу на саміце Вялікай сямёркі

2019 2019-08-23T13:03:48+0300 2019-08-26T13:14:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/g7_2_en.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 24 па 26 жніўня ў французскім Біярыцы пройдзе штогадовы саміт Вялікай сямёркі, прысвечаны «барацьбе з няроўнасцю», у тым ліку гендэрнай.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека FIDH і 68 арганізацый па ўсім свеце, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі, у тым ліку ПЦ "Вясна", у сумеснай заяве выказваюць здзіўленне, што Елісейскі палац, у мэтах пашырэння ўдзелу ў саміце акрамя сямі найбагацейшых краін запрасіў ўрады дзяржаў, якія славяцца грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека, такія як Індыя і Егіпет, а таксама арганізоўваў сустрэчу з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным усяго за некалькі дзён да саміту. На саміце таксама будуць прадстаўлены Афрыканскі саюз і Сахельская пяцёрка, нягледзячы на ​​парушэнні правоў чалавека ў кантэксце барацьбы з тэрарызмам, якія існуюць у Сахеле.

Праваабаронцы заклікалі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона сур'ёзна заняцца праблемай няроўнасці шляхам уключэння прадстаўнікоў закранутых груп насельніцтва і грамадзянскай супольнасці ў якасці асноўных зацікаўленых бакоў у дыскусіях і заклікалі краіны-ўдзельніцы прытрымлівацца рэкамендацый спецыяльнага прадстаўніка ААН па барацьбе з няроўнасцю і прасоўванні правоў чалавека.

Гэты «мадэрнізаваны» - паводле рыторыкі Елісейскага палаца - фармат саміту па барацьбе з няроўнасцю, асабліва гендэрнай няроўнасцю, паўстаў дзякуючы рэзкай крытыцы пра неабходнасць уцягвання "ключавых актараў грамадзянскай супольнасці". Аднак у канчатковым выніку на саміт былі дапушчаныя толькі дзесяць прадстаўнікоў нацыянальных і міжнародных арганізацый, якія да гэтага часу не атрымалі магчымасць удзельнічаць у большасці форумаў, уключаючы медыя-цэнтр. Такі абмежаваны ўзровень ўцягнутасці асноўных удзельнікаў барацьбы супраць няроўнасці, асабліва праваабарончых і фемінісцкіх арганізацый, непрымальны. Ім павінна быць дадзеная магчымасць у поўнай меры ўдзельнічаць у абмеркаваннях.

Такі намер абмежаваць удзел грамадзянскай супольнасці, у той час як рэжымам, што рэгулярна парушаюць асноўныя правы і спрыяюць пашырэнню няроўнасці (Індыя, Егіпет, краіны Афрыканскага саюза), прадастаўляюцца ўсе магчымасці ўдзелу, сур'ёзна падрывае давер да саміту. Дадае заклапочанасці тое, што Елісейскі палац, відаць, лічыць, што гэтыя дзяржавы падзяляюць прыхільнасць да дэмакратычных каштоўнасцяў.

Праваабаронцы паўтарылі свой заклік да французскага ўраду перагледзець супрацоўніцтва і стратэгічнае партнёрства з дзяржавамі, якія заўважаныя ў рэгулярным незахаванні правоў чалавека.

У заяве таксама згадваецца, што, па дадзеных спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб крайняй галечы і правах чалавека Філіпа Олстана, праблемы няроўнасці не могуць быць вырашаныя без забеспячэння выканання правоў чалавека, усебаковага ўдзелу грамадзянскай супольнасці і інфармавання дзяржаўных і прыватных эканамічных суб'ектаў аб іх абавязках.

Таму арганізацыі-падпісанты заклікалі прэзідэнта Макрона засяродзіць абмеркаванне на павазе і захаванні правоў чалавека, а таксама ўключыць у дыскусію суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, якія абараняюць гэтыя правы, і тых, хто становіцца ахвярамі іх парушэнні.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства