viasna on patreon

"Па шматлікіх зваротах грамадзян..."

2019 2019-08-15T08:31:27+0300 2019-08-16T11:14:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/orsha-auto.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гарадскі транспарт на вуліцах Оршы. Фота: gorodorsha.by

Гарадскі транспарт на вуліцах Оршы. Фота: gorodorsha.by

“Грамадскі транспарт Оршы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае толькі расейскую мову ў сваёй працы. Беларуская мова, на якой раней абвяшчаліся прыпынкі ў аўтобусах, адсутнічае як у абвестках, так і ў раскладах на прыпыначных пунктах”, – гаворыцца ў петыцыі, якая з'явілася на інтэрнэт-пляцоўцы “Зручны горад”.

Як паведамляе “Віцебская вясна”, гэта ўжо ня першая спроба жыхароў Оршы беларусізаваць сферу грамадскага транспарту ў родным горадзе і раёне. Раней “Аўтобусны парк №3 г. Оршы” выказваў нават гатоўнасць супрацоўнічаць у гэтым пытанні, але далей за “гатоўнасць” справа не пайшла.

Пад электронным зваротам на адрас Аршанскага райвыканкаму за адзін дзень падпісалася каля 150 чалавек.

“У той момант, калі ў іншых гарадах Беларусі прыпынкі аб'яўляюцца і падпісваюцца на беларускай мове, у Оршы гэтага няма. Сустрэчы з кіраўніцтвам аўтапарку і звароты туды ня далі плёну. Размовы пра захаванне спадчыны, традыцыяў, выступы з заклікамі пра пашану да малой радзімы ня маюць аніякага сэнсу, калі родная мова выціснутая з усіх сфераў жыцця ў Оршы і Аршанскім раёне”, – сцвярджаюць аўтары петыцыі.

Напярэдадні з'яўлення петыцыі адказ на падобны зварот у райвыканкам атрымаў аршанскі актывіст Арцём Сізінцаў. Першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкаму Сяргей Пац у сваім адказе спасылаецца на Канстытуцыю і дзве дзяржаўныя мовы – беларускую і рускую.

“Раней у гарадзкім грамадскім транспарце Оршы прыпыначныя пункты аб’яўляліся на беларускай мове. Аднак па шматлікіх зваротах, якія паступаюць на адрас філіялу “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” і Аршанскі райвыканкам, было прынятае рашэнне аб’яўляць прыпыначныя пункты на рускай мове”, – адказаў чыноўнік.

“Адказ за подпісам Паца, які адказвае за транспартную галіну, нічым не здзівіў – усё гэта можна было прадугледзець. Дзве дзяржаўныя мовы, “заўвагу прынялі да ведама” і таму падобная вада. Пры маіх ранейшых зваротах наконт сімволікі чужой дзяржавы – Расеі – у адказах прынамсі пісалася пра правядзенне “тлумачальных гутарак”, цяпер і гэтага няма. А расейскія сцягі сустракаюцца (ў аўтобусах) рэгулярна, у адным прыбяруць, у другім з'явяцца. Гэта сведчыць пра тое, што на агульных сходах ніхто нават гутарак, ня тое што мэтанакіраванай палітыкі, не праводзіць”, – пракаментаваў адказ Паца Арцём Сізінцаў.

У пэтыцыі, якая з'явілася на інтэрнэт-пляцоўцы “Зручны горад”, актывісты патрабуюць вярнуць беларускую мову ў грамадзкі транспарт гораду Оршы.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства