У Лондане абмеркавалі беларускую праблему смяротнага пакарання Відэа

2019 2019-07-10T17:03:36+0300 2019-07-10T17:23:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amn_int.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Падчас публічных абмеркаванняў

Падчас публічных абмеркаванняў

Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных праблематыке смяротнага пакарання ў Беларусі, на гэтым тыдні прайшоў у Лондане. Арганізатарамі сустрэчы выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая праводзіць глабальную кампанію супраць смяротнага пакарання ўжо больш за 40 гадоў. У мерапрыемствах таксама актыўны ўдзел прынялі каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда і брытанскі эксперт Джабар Парвез, які займаецца пытаннем смяротняга пакарання па ўсім свеце.

Падчас мерапрыемства была адкрыта выстава “Апошні кат Еўропы” (Europe’s Last Executioner). На ёй былі прадстаўлены фотаздымкі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, а таксама працы беларускага фатографа Сяргея Балая з праекта “Вышэйшая мера”. Таксама былі выстаўлены працы вядомага брытанскага мастака Джорджа Батлера, якія ён зрабіў падчас леташней паездкі ў Беларусь. Ён працуе ў зонах ваенных дзеянняў як мастак-рэпарцёр. Джордж пабываў ужо у такіх у гарачых точках свету як Сірыя, Ірак і Афганістан і іншыя. А ў 2018 годзе па запрашэнню Amnesty International наведаў і Беларусь, каб перадаць праблематыку смяротнага пакарання ў такой форме.

Акрамя гэтага, быў арганізаваны прагляд фільма Amnesty International пра сваякоў расстраляных у Беларусі. Фільм распавядае пра гісторыю маладой жанчыны Сашы Якавіцкай, бацька якой Генадзь Якавіцкі, быў прысуджаны да смяротнага пакарання і расстраляны ў 2016 годзе.

Таксама было арганізаванае публічнае абмеркаванне сітуацыі са смяротным пакараннем у Беларусі, апошніх расстрэлаў напярэдадні Еўрапейскіх гульняў у Беларусі Вячаслава Сухарка і Аляксандра Жыльнікава, а таксама шляхі вырашэння праблемы.

У якасці экспертаў выступілі каардынатарка Amnesty Internarional па Беларусі Айша Юнг, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, брытанскі эксперт Джабар Парвез.

“Па-ранейшаму праблема смяротнага пакарання ў Беларусі застаецца актуальнай. На жаль, апошнія падзеі з растрэлам Жыльнікава і Сухаркі гэта падцвердзілі. Сёння мы бачым, што смяротныя прысуды могуць быць вынесены таксама ў Віцебску і Гомелі. Таму для нас вельмі важна, што міжнародная супольнасць трымае нашую праблему ў фокусе ўвагі. Напрыклад, гэтае мерапрыемства было праведзена па ініцыятыве міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Гэта дае нам разуменне, што мы змагаемся не адні з праблемай смяротнага пакарання і натхняе нас на новыя крокі ў гэтай нялёгкай справе", — падвёў вынікі мерапрыемства Андрэй Палуда.

Прапаноўваем паглядзець дакументальны фільм, прысвечаны 10-годдзю кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства