Пенсіянерку аштрафавалі за плакат на чаробыльскай акцыі ў Мінску
Актывістку з Асіповіч Таццяну Барэль аштрафавалі на 382,5 рубля (15 базавых велічынь) за правядзенне адзіночнага пікету падчас несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 26 красавіка на ўгодкі чарнобыльскай аварыі, паведамляе "Радыё Свабода".
Тады традыцыйная акцыя апазіцыі, прымеркаваная да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, была скасаваная. Улады дазволілі шэсце, але арганізатары акцыі адклікалі заяўку, не пагадзіўшыся аплочваць міліцыі паслугі аховы дэманстрантаў. Але каля 70 чалавек сабраліся на традыцыйным месцы каля Акадэміі навук, а потым прайшлі да капліцы ў парку Дружбы народаў, дзе адбыўся кароткі жалобны мітынг.
Таццяна Барэль у гэтым шэсьці не ўдзельнічала. Яна толькі выйшла па пляцоўку каля Акадэміі навук з самаробным плакатам у руках. На плакаце былі пазначаныя звесткі аб колькасці памерлых і народжаных у Беларусі ў 2018 і 2019 гадах. З лічбаў вынікала, што насельніцтва Беларусі працягвае хутка змяншацца. «Гэта генацыд? Хто адкажа?» — запыталася ў канцы плаката актывістка.
Калі іншыя ўдзельнікі акцыі рушылі на шэсце, Тацяна Барэль спусцілася ў метро. Там, на станцыі «Плошча Якуба Коласа» яе затрымалі і склалі пратакол, а пазней на 16 траўня выклікалі ў Першамайскі раённы суд гораду Мінску.
«Суд быў кароткім, — расказала Таццяна Барэль карэспандэнту "Свабоды". — Сведчылі супраць мяне два міліцыянты, але нічога не прыдумлялі. Казалі, што папярэджвалі, што стаяла з плакатам, а я і сама гэта не адмаўляла. Вось толькі чаму гэта забаронена? Як і прадбачыла, пакаралі, але зашмат далі — гэта ж цэлая мая пенсія за месяц! Яшчэ аштрафавалі аднаго мужчыну, які таксама выйшаў з плакатам, але яму прысудзілі меней, чым мне, — 10 базавых. Відаць, менш крыўднае нешта напісаў», — расказала Тацяна Барэль.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96