"Няма грошай на аплату міліцыі". Папулярныя фэсты Магілёва пад пагрозай
З-за новаўвядзенняў у Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», а менавіта з-за ўвядзення высокіх тарыфаў на аплату паслуг аховы грамадскага парадку, пад пагрозай апынулася правядзенне ў Магілёве некалькіх папулярных фестываляў. Пра гэта паведамляе магілёўскі часопіс пра правы чалавека mspring.online.
Так, «Цэнтр гарадскіх ініцыятыў» абвясціў пра тое, што намечаны на чэрвень творчы фестываль Inspire Fest пакуль не адбудзецца. Арганізатары паведамілі, што з-за новаўвядзенняў у закон выдаткі на правядзенне фэсту рэзка выраслі.
Па новай версіі закона, толькі за паслугі міліцыі ЦГД прыйдзецца заплаціць 5700 беларускіх рублёў.
«Мы некамерцыйная арганізацыя, ні адзін партнёр нашых фестываляў, мясцовы і буйны бізнэс, якія дапамагаюць у арганізацыі фестываляў, не гатовыя стаць спонсарам аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку», - напісала ў сябе ў Facebook адна з арганізатараў Наталля Драгальчук.
Акрамя таго, яна распавяла пра змены ў правядзенні іншага традыцыйнага мерапрыемства - «Вялікага гарадскога пікніка»:
«Пікнік будзе, але ... Але ў іншым месцы, у іншы час, не зусім мы самі арганізатары».
Каб мерапрыемства адбыліся і арганізатарам не прыйшлося марнаваць вялікую колькасць грошай на паслугі міліцыі, неабходна, каб іх уключылі ў план гарадскіх мерапрыемстваў гарвыканкама.
Што тычыцца «Дранікі-фэсту» (яшчэ аднаго буйнога мерапрыемствы Магілёва), то, па словах арганізатара, «пакуль пытанне вырашаецца».
Нагадаем, што ў студзені 2019 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя правілы правядзення масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца грамадзянамі, грамадскімі аб'яднаннямі і палітычнымі партыямі. Рэзка павялічыўся кошт паслуг па ахове парадку: у залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў, сума толькі «на міліцыю» можа дасягнуць некалькіх тысяч долараў.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96