viasna on patreon

"Навучыцца бачыць у чалавеку чалавека": прэзентацыя даклада пра бяздомнасць у Беларусі Дакумент Аўдыё

2019 2019-04-25T17:28:07+0300 2019-04-26T11:43:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bezdomnye_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сайта humanconstanta.by/homeless/

Фота з сайта humanconstanta.by/homeless/

Беларускі Хельсінскі Камітэт, Human Constanta і швейцарскае партнёрства за правы чалавека Liberеco 25 красавіка ў Мінску прэзентавалі сумесны даклад «Бяздомныя і права на жыллё ў Беларусі» і інтэрнет-рэсурс аб праблемах людзей без дому.

Ініцыятыва трох праваабарончых арганізацый накіраваная на вывучэнне і прыцягненне ўвагі да праблемаў бяздомных людзей у Беларусі з мэтай палепшыць іх сітуацыю і выкананне правоў гэтых людзей.

Праваабаронцы ахапілі ў сваім даследаванні розныя праблемы, з якімі сутыкаюцца бяздомныя ў нашай краіне: права на жыллё, дыскрымінацыя, абмежаванне доступу да грамадскіх месцаў, адвольныя затрыманні, высяленне без прадастаўлення іншага жылля, стыгматызацыі, мова варожасці ў адносінах да іх і інш.

Мэта, якую паставілі перад сабой даследчыкі - аналіз дзяржаўнай палітыкі і механізмаў аказання дапамогі бяздомным у Беларусі з пункту гледжання права кожнага на дастатковае жыллё, а таксама прадстаўленне праблемаў, з якімі сутыкаюцца бяздомныя пры атрыманні доступу да такіх механізмаў, якія абцяжарваюць поўную рэалізацыю імі правоў або з'яўляюцца іх прамымі парушэннямі.

Падчас прэзентацыі старшыня БХК Алег Гулак адзначыў, што праводзячы даследаванне, ініцыятыўная група хацела выцягнуць праблему на паверхню, прымусіць пра яе задумацца, падыскутаваць.

Праваабаронцы Алег Гулак і Васіль Санковіч
Праваабаронцы Алег Гулак і Васіль Санковіч

"Мы цяпер і ў гэтым дакладзе, які падрыхтавалі, не дамо ніякіх "рацэптаў", як праблему "вылекаваць". Але для нас важна паказаць праблему, казаць аб тых падыходах, якія дапамаглі б выпрацоўваць рашэнні, звязаныя з цэлым комплексам фактараў з'яўлення бяздомнасці і ў розных плоскасцях", - сказаў ён.

Праваабаронца адзначыў, што Беларусь зараз рэалізуе праграму ААН "Мэты ўстойлівага развіцця", дзе ўжо падала сваю справаздачу і паказала, што ў нас няма беднасці ў краіне, а, такім чынам, няма і бяздомнасці.

Праваабаронцы прааналізавалі беларускае заканадаўства і міжнародныя механізмы, якія закранаюць пытанні рэалізацыі бяздомнымі сваіх правоў, публікацыі ў СМІ, а таксама правялі шэраг інтэрв'ю з людзьмі, што ідэнтыфікуюць сябе ў якасці бяздомных.

"Праблема пачынаецца на ўзроўні вызначэння, хто такі бяздомны. І следам за гэтым паўстае пытанне: колькі людзей знаходзіцца ў такой сітуацыі? І так як у нас няма дакладнага вызначэння для ўсіх дзяржаўных органаў, няма і адзінай статыстыкі, а, такім чынам, няма і комплекснай палітыкі па працы з праблемай бяздомнасці", - сказаў Алег Гулак.

Эксперт адзначыў, што ў Беларусі дзяржаўная палітыка па пераадоленні бяздомнасці не распрацаваная, прававыя і праграмныя акты, якія дзейнічаюць, не прадугледжваюць прыняцця якіх-небудзь скаардынаваных мераў.

Існуе праблема, у тым ліку з боку супрацоўнікаў міліцыі, негатыўнага стаўлення да бяздомных людзей: быццам яны самі выбралі такі лад жыцця і вінаватыя ў сваіх бедах.

"Але працуючы непасрэдна з бяздомнымі мы выявілі, што фактычна ніхто з апытаных не сказаў, што яны выбралі свой шлях свядома, што бездамоўе - іх стыль жыцця, і што яны хочуць так жыць. Гэта заўсёды збег абставінаў, з якімі чалавек у сілу суб'ектыўных якасцяў і непадрыхтаванасці не змог справіцца. І ён хацеў бы з гэтай сітуацыі выбрацца", - падкрэсліў Алег Гулак.

У той жа час выступоўцаў адзначыў, што нельга сказаць, што бяздомным толькі трэба дапамагчы і ўсё вырашыцца. Але той падыход, што ёсць цяпер на дзяржаўным узроўні, не дазваляе выпрацоўваць больш эфектыўныя меры, бачыць праблему з яе прычынамі, разбірацца настолькі глыбока, як яна таго патрабуе.

"Важна не толькі вырашаць праблемы тых людзей, якія цяпер у сітуацыі бяздомнасці, а таксама не прадукаваць бездамоўе далей", - адзначыў праваабаронца.

У дакладзе таксама прадстаўленыя рэкамендацыі для дзяржаўных органаў, сярод якіх:

  • прыняць дзяржаўную праграму па прадухіленні, скарачэнню і змякчэнні наступстваў бяздомнасці, заснаваную на праваабарончым падыходзе да жыллёвых стратэгій;
  • перагледзець існуючыя метады і практыкі збору статыстыкі бяздомнасці з мэтай прыняцця падыходу, заснаванага на адэкватным вызначэнні бяздомнасці;
  • прыняць меры па барацьбе з дыскрымінацыяй, стыгматызацыяй і распаўсюджваннем негатыўных стэрэатыпаў у дачыненні да бяздомных;
  • прыняць меры па недапушчэнні неабгрунтаванага абмежавання доступу бяздомных у грамадскія месцы;
  • не дапускаць паўтарэння масавай практыкі затрымання, адміністрацыйных арыштаў і вывазу бяздомных за межы горада ў сувязі з правядзеннем у Мінску Еўрапейскіх гульняў - 2019;
  • прыняць меры па недапушчэнні высяленняў, што цягнуць за сабой бездамоўе тых, каго высяляюць, і інш.

Сузаснавальніца Human Constanta Наста Лойка распавяла, што ў межах ініцыятывы была створана спецыяльная інтэрнэт-старонка, на якой, з аднаго боку, сабраная інфармацыя пра арганізацыі і ініцыятывы, якія ўжо дапамагаюць бяздомным, і куды можна звярнуцца або далучыцца да іх дзейнасці, а з другога боку - размешчаныя матэрыялы, якія раскрываюць вобразы бяздомных.

Акрамя гэтага быў распрацаваны буклет з кантактамі арганізацый, якія дапамагаюць бяздомным сёння, і ён будзе раздавацца мэтанакіравана людзям, якія засталіся без дома.

lojka-mini

"У нас была задача ў тым ліку паказаць, як можна працаваць з тэмай бяздомнасці, улічваць асаблівасці сітуацый, у якіх апынуліся людзі, прынцыпова не выкарыстоўваць слова "бомж", паказваць праблемы бяздомных людзей, а не ператвараць іх у абрэвіятуры, у рэшце рэшт - навучыцца бачыць у чалавеку чалавека", - сказала Наста Лойка. 

Таксама Васіль Санковіч з БХК падкрэсліў, што ў бліжайшай будучыні адбудзецца круглы стол, на які праваабронцы плануюць запрасіць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія займаюцца так ці інакш праблемай бяздомнасці і ад каго залежыць, якім чынам фармуецца дзяржаўная палітыка ў дачыненні да гэтых людей. 

bezdomnye_2.jpg
Праваабаронца Васіль Санковіч

У далейшым прадстаўнікі праваабарончых арганізацый плануюць уключыць інфармацыю аб бяздомнасці пры падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу ў Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які будзе прадстаўлены ў 2020 годзе, а таксама працягнуць працаваць па розных напрамках для пераадолення праблемы бяздомнасці ў Беларусі і стыгматызацыі бяздомных.

"Навучыцца бачыць у чалавеку чалавека": прэзентацыя даклада пра бяздомнасць у Беларусі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства