Ніну Багінскую і Паўла Севярынца зноў затрымалі ў Курапатах Дапоўнена
З раніцы 5 красавіка рабочыя з Заслаўя працягваюць ставіць агароджу па перыметры Курапатаў, больш крыжоў не валяць, піша “Радыё Свабода”. Але будаўнічая тэхніка ездзіць каля крыжоў, якія за ўчора не знеслі. Актывісты і сведкі гэтым абураліся — двух затрымалі.
Абаронцаў Курапатаў адганяў ад тэхнікі ля крыжоў чалавек у міліцэйскай форме, які прынцыпова адмаўляецца назваць сябе. Паводле Паўла Севярынца, які вёў відэатрансляцыю, гэта палкоўнік Сяргей Удодаў, намеснік начальніка Мінскага РУУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі.
Разам з Севярынцам у белы мікрааўтобус міліцыянты пагрузілі Ніну Багінскую. І яна, і Севярынец былі затрыманыя і ўчора — нібыта для «высвятленьня асобы» (Багінская ішла «прысароміць» будаўнікоў, Севярынец спрабаваў правесьці стрым).
А 14 гадзіне стала вядома, што Павел Севярынец і Ніна Багінская знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага РУУС на вул. Скарына, 20.