Журналістку выклікаюць на дактыласкапію, бо шмат разоў прыцягвалася да адказнасці
Журналістка-фрылансерка Ларыса Шчыракова атрымала позву за подпісам участковага інспектара Сяргея Прымакова з АУС Гомельскага райвыканкаму, якой яе выклікалі для прахаджэння дактыласкапіі, піша "Гомельская Вясна". Позва была пакладзена ў паштовую скрыню.
Падчас тэлефоннай размовы міліцыянт патлумачыў, што журналітску выклікаюць для дактыласкапіі, бо яна шмат разоў прыцягвалася па адміністрацыйнаму артыкулу, па якому прадугледжаны адміністрацыйны арышт. У выпадку, калі журналістка не пройдзе дабраахвотна гэту працэдуру, міліцыянт паведаміў, што на яе будзе складзены адміністрацыйны пратакол і яна будзе прыцягнута да адказнасці за ўхіленне ад дактыласкапіі.
“Я расцэньваю гэту позву як псіхалагічны ціск і запалохванне з боку міліцыі за сваю прафесійную дзейнасць, і не толькі мяне, але і ўсю незалежную журналісцкую супольнасць, — пракаментавала Ларыса Шчыракова. — Што да тлумачэнняў участковага інспектара, яны неабгрунтаваныя, узятыя “са столі”. Я насамрэч шмат разоў прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці па артыкулу 22.9 КаАП “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”, але, па гэтаму артыкулу прадугледжаны толькі штраф, такой санкцыі, як адміністратыўны арышт там папросту няма”.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка раіць у такіх выпадках не хадзіць па позве ў міліцыю:
“Абавязкова дактыласкапія ў Беларусі прадугледжана толькі для ваеннаабавязаных. Журналістка Ларыса Шчыракова такой не з’яўляецца, таму — патрабаванне міліцыі прайсці дактыласкапію — незаконныя”.
За супрацу з тэлеканалам Белсат з 2015 года журналістка Ларысы Шчыракова прыцягвалася да адказнасці 24 разы па артыкулу 22.9 КаАП “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”, падвяргалася псіхалагічнаму ціску з боку міліцыі, мела пагрозы адабрання сына, на некаторых інфармацыйных рэсурсах у інтэрнэце пра яе змяшчаліся паклёпніцкія і абразлівыя матэрыялы.