Віцебскіх актывістаў будуць судзіць за святкаванне Дня Волі
Напярэдадні Дня Волі 24 сакавіка віцебскія актывісты Уладзімір і Яраслаў Кійко ўшанавалі БНР-101 ускладаннем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзімеру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава і да мэмарыялу, усталяванаму каля Успенскага сабору на месцы пахавання нявінна забітых грамадзянаў. Усё, што адбывалася падчас ускладання кветак, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным фіксавалі на фота- і відэакамэры. Але ў той дзень нікога не затрымлівалі і не папярэджвалі, паведамляе "Віцебская Вясна".
Праз тыдзень на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь – “за пікет з выкарыстаннем палотнішча бел-чырвона-белага колеру”.
Пратакол на Яраслава Кійко склаў міліцыянт Кастрычніцкага РАУС г. Віцебску Канстанцін Ярашэўскі. Прад’явіў яго Яраславу міліцыянт, які прыйшоў да яго дамой і назваўся ўчастковым.
“Гэты ж самы міліцыянт, што прыходзіў да мяне, заходзіў і да майго брата, але дома не застаў. Той казаў, што ён ягоны ўчастковы, хоць мы з братам жывем на розных вуліцах і ўчастковыя ў нас розныя. Праз дзень гэты міліцыянт чакаў майго брата на выхадзе з тэатру. За паўгадзіны да гэтага я размаўляў з братам па тэлефоне, і той сказаў, што знаходзіцца ў тэатры. Таму я раблю выснову, што нашыя тэлефонныя размовы з братам праслухоўваюцца”, – расказаў “Віцебскай Вясне” Яраслаў Кійко.
“Улада лёгка падмінае пад сябе і мараль, і закон, калі на кану стаіць пытанне кантролю за людзьмі, якія хочуць адчуваць сябе ў сваёй жа дзяржаве паўнавартаснымі грамадзянамі. Нават калі ты вырашыў у нядзельны святочны дзень сфатаграфавацца з традыцыйным і нікім не забароненым сьцягам гэтай краіны, ты ўжо трапляеш у разрад “нязгодных”, на жаль…" – дадае Яраслаў.
Актывісты з пратаколамі не пагадзіліся і даваць тлумачэнні адмовіліся. Суд над імі адбудзецца 11 красавіка ў 10.00 у будынку суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску.