Выхаваўчая калонія №2: Як жывуць падлеткі ў месцы, якое падобна на канцлагер Фота
Адзіная ў Беларусі калонія для непаўналетніх злачынцаў знаходзіцца ў Бабруйску. Па запрашэнні бацькоў асуджаных падлеткаў магілёўскі часопіс аб правах чалавека mspring.online наведаў гэтае месца, каб расказаць пра рэаліі сумнай установы, дзе, як падаецца, катуюць дзяцей.
Ад дарослых зонаў бабруйская выхаваўчая калонія №2 адрозніваецца толькі колькасцю кантынгента. Тут усяго тры атрады, у кожным з якіх прыкладна па 80 чалавек. За кожным атрадам замацавана па чатыры выхавацеля. У астатнім, асабліва па строгасці ўтрымання, калонія нічым не саступае дарослым, а па жорсткасці нораваў можа і даць фору. На “малалетцы” няма так званых “сматрашчых” ад вараўскога свету, якія з большага сочаць за парадкам у дарослых папраўчых установах. Тут выжывае наймацнейшы.
Нягледзячы на тое, што ўсе тутэйшыя зэкі, па сутнасці, яшчэ не сфармаваныя юнакі, бацькоў, якія прыязджаюць да сваіх дзяцей, сустракае ўсё той жа драўляны плот у два чалавечыя росты са старанна збітых дошак. Ні намёку на шчыліну. Гэтая маральна састарэлая тэхналогія ўтойвання ўсяго ад старонніх вачэй характэрная для ўсіх беларускіх калоній і не мяняецца з 1937 года.
Два атрады з трох – гэта “наркаманы”. Так тут называюць асуджаных па артыкуле 328 КК “Незаконны абарот наркотыкаў”. Фігуранты гучных гісторый – калі школьнікам даюць па 10 гадоў зняволення, утрымліваюцца менавіта тут. Фактычна, злачынцаў, асуджаных за сур’ёзныя крымінальныя злачынствы кшталту рабаванняў ці крадзяжоў, усяго некалькі дзясяткаў.
У большасці сваёй гэта тыя, каму заменена ўмоўнае пакаранне на рэальны тэрмін з-за невыканання правілаў паводзінаў.
Ужо і ў трэцім атрадзе, калі верыць мамам, з’явіліся асуджаныя за наркотыкі. МУС умее ствараць сабе працоўныя месцы.
Юныя зэкі панічна баяцца распавядаць хоць каму пра рэаліі іх зоны. Аб гэтым часцей можна пачуць ад тых, каму пашанцавала выйсці за гэтыя сцены. Сёе-тое выведваюць няшчасныя маці. Яны таксама баяцца казаць, але ўсё ж і маўчаць не могуць. Часам іх прарывае. Асабліва, калі нагоду для незадаволенасці стварае сама адміністрацыя ВК №2.
Зусім нядаўна ў пакоі спатканняў спецыяльнай непразрыстай плёнкай было зацягнута акно, якое выходзіла на тэрыторыю калоніі.
Гаворка ідзе пра месца, дзе бацькі на працягу сутак могуць пабачыць сваіх непаўналетніх злачынцаў. Відаць, нават однаго дня хапала, каб сёе-тое стала бачна няўзброеным вокам, і мамы пачыналі скардзіцца.
Цяпер яны будуць глядзець толькі на чатыры сцяны. Але крамольныя з пункту гледжання адміністрацыі навіны ўсё роўна прасочваюцца скрозь сцены.
Стала вядома, што ў кожным атрадзе ёсць па тры актывіста з ліку асуджаных (старшыня атрада – гэта афіцыйнае прызначэнне, – плюс яшчэ два памочніка).
Практычна ўсе яны старэйшыя за сваіх паплечнікаў па няшчасці, ім прыкладна па 21 годзе, але яны не з’язджаюць у дарослыя папраўчыя ўстанова, бо за падобны “актывізм” ім можа пагражаць расправа з боку зняволеных, шануючых вараўскія паняцці.
Яны даседзяць свой тэрмін на “малалетцы”, выконваючы любыя загады начальства, і для гэтага ім дазволена рабіць тое, чаго рабіць нельга. Адразу некалькі маці прызналіся, што занепакоеныя практыкай збіцця сваіх дзяцей драўлянай палкай - актывісты так распраўляюцца з непажаданымі.
Каб зразумець выхаваўчыя прыёмы, які пануюць у ВК №2, дастаткова аповяду пра харчаванне малалетніх вязняў. Няхай, яны ўсё худыя з-за некаларыйнай ежы. Але ім на прыём ежы яшчэ і адведзены час – нарматыў чатыры хвіліны.
Гэта значыць, нібы быдла, гэтыя дзеці павінны вельмі хутка ўпіхнуць у сябе тое, што прыгатавала для іх радзіма. А калі хтосьці потым хоча перакусіць у атрадзе ці папіць гарбаты, то тут трэба кланяцца актывістам. На атрад у 80 чалавек вылучаны ўсяго адзін чайнік. Каб здабыць кіпеню, трэба запісацца ў чаргу, якая можа падысці, напрыклад, праз тры дні.
Ну, ці ёсць іншы спосаб – заплаціць актывісту цыгарэтамі. Усе бацькі сцвярджаюць наперабой, што прапаноўвалі купіць па чайніку ледзь не на кожнага сядзельца, але адміністрацыя адказала адмовай.
Практычна ўсе маці на працяглае спатканне (доўжыцца роўна суткі) вязуць дзецям хатнюю ежу і абавязкова таблеткі тыпу “Мезіма” для паляпшэння стрававання. Прадуктаў вязуць па мінімуму, самае смачнае – малымі порцыямі. Справа ў тым, што рэзкі пераход з турэмнай ежы на хатнюю выклікае болі ў страўніку.
Галаднаватыя дзеці прагна накідваюцца на ежу, а потым ім робіцца дрэнна.
Што ж датычна кароткатэрміновых спатканняў, то яны цягнуцца ўсяго чатыры гадзіны і праходзяць выключна ў прысутнасці супрацоўніка калоніі, які кантралюе, як цэнзар, кожнае слова. Так што дзеці, нават калі захочуць, не змогуць распавесці пра свае праблемы бацькам. Лішнім будзе казаць, што пісьмовыя скаргі за плот проста не выходзяць.
Нават да свайго ўласнага персаналу адміністрацыя калоніі прад’яўляе жорсткія патрабаванні.
Чым жа займаюцца днямі малалетнія злачынцы? Як аказалася, у адрозненне ад дарослых зонаў, дзе “наркаманы” чысцяць правады ад ізаляцыі, у Бабруйску дзеці здабываюць рукамі гуму. У літаральным сэнсе слова.
Па адной з бацькоўскіх версій, суседняя “Белшына” адпраўляе сюды брак і некандыцыю. Па іншай, на перапрацоўку могуць патрапіць і проста старыя пакрышкі.
Цяпер мамы ведаюць, што аўташына – гэта гума-метала-тканкавая абалонка, і эфектыўнага спосабу аддзялення гумы ад металакорду няма. Выгадней за ўсё выкарыстоўваць рабскую працу, што і робяць у Бабруйску. Задачай малалетніх зэкаў з’яўляецца выцягванне ўсяго корда, каб за змену выпрацаваць норму – адзін кілаграм чыстай гумы для перапрацоўкі.
За гэтую працу адміністрацыя плаціць ад 2 да 5 рублёў у месяц. І гэта не апіска, карэспандэнт mspring.online асабіста бачыў разліковыя лісткі з гэтай сапраўднай катаргі. Дзецям плацяць ад аднаго да двух з паловай даляраў у месяц. Нагадаем, адпрацаваныя пакрышкі з’яўляюцца адходамі IV класа небяспекі.
Бацькамі зафіксаваны выпадак, калі зімой падлеткаў прынудзілі рукамі насіць снег з-за таго, што не было працы. Для адміністрацыі важна, каб у зэкаў не было ні хвіліны вольнага часу. Галоўнае трымаць іх у “яжовых рукавіцах”, а пра правы можна і не ўзгадваць.
Напрыклад, асуджаныя маюць права на тэлефонныя званкі. У суботу і нядзелю ў іх ёсць законныя 15 хвілін гутаркі. Але не на бабруйскай “малалетцы”.
Практычна ўсе маці ў адзін голас паўтараюць, што даўжэй 4 хвілін з дзецьмі не размаўлялі. Ну, можа, толькі актывісты маюць магчымасць пабалбатаць, карыстаючыся добразычлівасцю начальства.
Няма і магчымасці чытаць кнігі, на іх проста не стае часу. Тут жа выспявае яшчэ адно далікатнае пытанне – спагнанні.
З-за недахопу часу практычна ўсе дзеці пішуць лісты глыбокім вечарам, а гэта забаронена. Пісаць можна толькі ў перыяд “асабістага часу”, а яго, на самой справе, няма. Таму любы з тут прысутных у любы момант можа атрымаць пару спагнанняў і пазбавіцца права на датэрміновае вызваленне.
Затое па суботах даюць паглядзець другагатунковыя расійскія серыялы. На гэта ёсць дзве гадзіны.
Шок першага наведвання ў маці хутка праходзіць. Рэальна ацаніўшы сваё становішча, яны хутка разумеюць, што нічога чалавечага ў беларускай пенітэнцыярнай сістэме няма і пачынаюць змагацца за здаровы сэнс.
Асаблівым болем ў бабруйскай ВК №2 можна назваць абутак. Тут яго можна купіць толькі ў турэмнай краме. Каштуе ён нядорага, усяго 50 рублёў, але і якасці хапае толькі на тры месяцы асцярожнага нашэння.
Мабыць, гэтыя абутковыя вырабы выпускае нейкая іншая калонія, і такім немудрагелістым чынам прадпрыемства робяць рэнтабельным за кошт бацькоў юных зэкаў. Такія ж боты, але якасныя, прывезеныя бацькамі, забароненыя.
Калі раптам у краме не аказалася патрэбнага памеру, то значыць нейкаму хлопцу таксама не пашанцавала. Купіць абутак на пару памераў больш, чым трэба – гэта хутчэй норма, чым выключэнне. Такія таемныя турэмныя правілы.
Яшчэ адна тэма, пра якую маці асуджаных дзяцей кажуць рыдаючы, гэта лазнева-пранны дзень па суботах.
Аказваецца, другі камплект адзення малалетнім зекам не паложаны. Гэта значыць, дзеці павінны самі памыцца, потым памыць сваю вопратку, і за адну ноч гэтыя рэчы павінны высахнуць. Пры гэтым радыятараў для сушкі толькі тры, адзін з якіх аддадзены, вядома ж, актывістам. Калі адзенне не высахла, значыць не пашанцавала. Але ж можна неяк апрануцца і не ў сухое.
У астатнім маці ўсім задаволеныя. У калонію для падлеткаў можна раз на два месяцы перадаваць пасылкі вагой у 30 кг. Адна праблема – каб сабраць добрую пасылку, трэба прыкладна 400-500 рублёў. Для гэтага большасць маці працуюць на двух працах.
Бабруйская калонія для малалетніх пакідае дзіўнае ўражанне. Яна знаходзіцца на самай ускраіне, недалёка ад дымяшчай трубамі мясцовай ЦЭЦ. Але бабруйскія ўлады пабудавалі вялікі жылы квартал наўпрост побач з турэмным плотам. Выглядае гэта вельмі незвычайна.
І яшчэ. Нават у адрозненне ад дарослых калоній, тут пастаянна чутны брэх сабак. ВК №2 мае сваю кіналагічную гаспадарку.
Усё вельмі сур’ёзна. З паласой перашкод для сабак. Не пакідае адчуванне, што супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) рыхтуюцца да нечага большага, чым ахова 240 учорашніх школьнікаў.
Камічна выглядаюць дзеці на фота. Усе мамы захоўваюць у тэлефонах іх выявы. За рэдкім выключэннем, гэта тыпажы хрэстаматыйных кволых “батанікаў”, якіх суд па нейкіх прычынах прызнаў удзельнікамі арганізаваных злачынных груповак (частка 4 артыкула 328).
Выдатна ўкормленыя ахоўнікі вонкава выглядаюць прыкладна як тры такія падлеткі.
У пэўны момант супрацоўнікі калоніі заўважылі журналіста і вырашылі пацікавіцца яго актыўнасцю, аднак не зразумеўшы мэты візіту, пайшлі па сваіх справах. Па адчуваннях, пара кантралёраў такой камплекцыі, тым больш узброеныя дубінкамі, маглі б проста расправіцца з цэлым атрадам недаядаючых дзяцей.
Але выхаваўчая калонія для непаўналетніх дзівіць сваёй бескампраміснасцю. На наступным фота, калі прыгледзецца, відаць, што паміж драўляным знешніх плотам і вышкай ахоўніка нацягнутыя тры шэрагі густога калючага дроту. У пэўны момант паміж імі была заўважаная спушчаная службовая аўчарка без ланцуга. Выглядала гэта ўсё злавесна: замест слова “выхаваўчая” мозг прапаноўваў назваць калонію ўсё ж “карная”.