Сусветная грамадзянская супольнасць звярнулася ў Камітэт ААН па правах чалавека
Асамблея НДА Беларусі разам з 25 іншымі арганізацыямі з усяго свету пад эгідай Сусветнага руху за дэмакратыю накіравалі ў Камітэт ААН па правах чалавека супольную пазыцыю што да будучых заўвагаў агульнага парадку па артыкуле 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода сходаў).
У дакуменце сусветная грамадзянская супольнасць звяртае ўвагу на права асобаў і няўрадавых арганізацый, якія ладзяць сходы, запытваць і атрымліваць рэсурсы ад айчынных і замежных донараў для падтрымкі сваёй статутнай дзейнасці.
Нагадаем, што Камітэт ААН па правах чалавека пры падрыхтоўцы заўваг агульнага парадку аб праве на свабоду сходаў папрасіў НДА распавесці свае меркаванні і рэкамендацыі. Вядома, што першы чарнавы варыянт заўваг агульнага парадку будзе прадстаўлены на наступнай сесіі Камітэту ў ліпені. Агулам на адрас Камітэта ААН па правах чалавека паступіла 43 заўвагі ад НДА і экспертаў у індывідуальнай якасці, з тэкстамі якіх можна азнаёміцца на сайце Камітэту.
“Камітэт ААН па правах чалавека перыядычна публікуе заўвагі агульнага парадку па асобных артыкулах Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Зараз Камітэт заняты падрыхтоўкай заўваг па 21 артыкуле Пакту, які гарантуе свабоду сходаў. У падобных дакументах мяшчаецца тлумачэнне адпаведнага права. Гэта спрыяе фармаванню практыкі, дапамагае ў трактоўцы спрэчных пытанняў і развівае разуменне канкрэтнага права. Я лічу важным зрабіць унёсак у падрыхтоўку заўвагаў агульнага парадку па свабодзе сходаў, бо ніхто лепш за нас ня ведае сітуацыю ў Беларусі” – каментуе праваабаронца ПЦ “Вясна” і назіральніца ION Наталля Сацункевіч.