viasna on patreon

“Дармаед” паскардзіўся ў Віцебскі гарвыканкам

2019 2019-03-12T11:05:51+0300 2019-03-14T13:41:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gorispolkom_vitebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцяблянін Сяргей Палінаў паскардзіўся ў Віцебскі гарвыканкам на тое, што ягоныя дадзеныя патрапілі ў “базу дармаедаў”, піша “Віцебская Вясна”. Ён мяркуе, што гэтым самым улады парушаюць ягонае права на свабоду выбару заняткаў і права не падвяргацца прымусовай працы і дыскрымінацыі.

Віцебскі гарвыканкам. Фота: realty.tut.by

У сваёй скарзе Сяргей Палінаў выказаў меркаванне, што дэкрэт №3 “Аб спрыянні занятасці насельніцтва” ўтрымлівае расплывістыя фармуліроўкі, і таму зацікаўленыя асобы могуць трактаваць ягоныя нормы двухсэнсава.

Мужчына тлумачыў у скарзе: каб удзельнічаць у эканоміцы, дастаткова быць спажыўцом тавараў і паслугаў, плацельшчыкам дзяржаўных збораў і пошлінаў.

“Іншымі словамі, незалежна ад маёй працоўнай занятасці, я з'яўляюся “занятым у эканоміцы”, таму што ўвесь час выплачваю ўскосныя падаткі пры куплі тавараў і паслугаў, пры карыстанні мабільнай сувязю”, – гаворыцца ў скарзе.   

Віцяблянін нагадаў таксама, што, згодна з арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, праца ў нашай краіне з'яўляецца правам, а не абавязкам грамадзяніна. І што прымус да працы магчымы толькі паводле судовага выраку альбо ў часы надзвычайнага і ваеннага становішча.  

Не прадугледжвае Канстытуцыя і такога тэрміну, як “працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы”.

“Мне не зразумела, дзеля якой мэты ў дадзеным канкрэтным выпадку абмяжоўваецца маё права на выбар роду заняткаў, права не падвяргацца прымусовай працы і забароненай дыскрымінацыі паводле сэнсу частак 1 і 4 арт. 41 Канстытуцыі, арт. 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт.2 Канвэнцыі МАП 29 аб прымусовай і абавязковай працы”.

Сяргей Палінаў прасіў прызнаць дзеянні Камісіі па спрыянні занятасці насельніцтва Кастрычніцкага раёну Віцебску неправамернымі і абавязаць камісію выключыць ягоныя пэрсанальныя дадзеныя са спісу працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Прапанаваў таксама хадайнічаць перад Вярхоўным Судом, каб той ва ўстаноўленым парадку з'вярнуўся ў Канстытуцыйны Суд аб прызнаньні часовага Дэкрэту №3 неканстытуцыйным.

Першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Валянцін Цвяткоў у адказе на скаргу нагадвае, што, паводле Дэкрэту №3, збор і апрацоўка персанальных дадзеных грамадзянаў ажыццяўляецца без іх пісьмовай згоды.

“Гарвыканкам не надзелены паўнамоцтвамі па ацэнцы законнасці нарматыўных актаў, выдадзеных Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, і ўнясення прапановаў аб праверцы іх канстытуцыйнасці”, – піша Цвяткоў.  

“Вы маеце права падаць у камісію дакумэнты, якія пацвярджаюць неправамернасць уключэння вашых персанальных дадзеных у базу дадзеных працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы”, – гаворыцца ў адказе.

Сяргей Палінаў называе адказ на ягоную скаргу “адпіскай” і кажа, што ў выпадку, калі атрымае ў сакавіку “дармаедскі рахунак”, будзе падаваць у суд.  


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства