Участковы міліцыянт у Мсціслаўскім раёне збіў дваіх мясцовых. Яго звольнілі і распачалі справу
Крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў распачалі ў дачыненні да ўжо былога ўчастковага міліцыянта ў Мсціслаўскім раёне. Па папярэдніх дадзеных, ён у будынку РАУС збіў двух затрыманых, паведамляе TUT.BY.
Фота аператыўнай міліцэйскай зводкі для ўнутранага карыстання за 18 лютага апублікаваў телеграм-канал NEXTA. У тэксце паказана таксама, што 32-гадовага ўчастковага інспектара міліцыі Раева звольнілі з АУС 6 лютага "за здзяйсненне правіны, прадугледжанай кантрактам аб службе ў якасці падставы для яго датэрміновага скасавання". А за 2,5 месяцы да гэтага, 16 лістапада, Раеў, па папярэдніх дадзеных, збіў у будынку Мсціслаўскага РАУС дваіх мужчын - жыхароў вёскі Каробчына.
"У дачыненні да былога ўчастковага Раева сапраўды ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 426 КК РБ", - пацвердзілі TUT.BY у абласным упраўленні Следчага камітэта.
Калі віна былога міліцыянта будзе даказаная, то яму, згодна з дадзеным артыкулам, пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы.
Паводле інфармацыі з сайта УУС Магаблвыканкама, у сакавіку 2017 года Мікалай Раеў, тады яшчэ старшыня міліцыі і міліцыянер-кіроўца аператыўна-дзяжурнай службы Мсціслаўскага РАУС, атрымаў званне і пагоны прапаршчыка міліцыі. У лістападзе 2018 Раеў стаў малодшым лейтэнантам.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96