Наваполацк: пра што казалі мясцовыя актывісты пад час сустрэчы з амбасадарам Францыі?
Сустрэча грамадскіх актывістаў з Наваполацка і Полацка з Амбасадарам Французскай Рэспублікі ў Беларусі Дзідзье Канэсам адбылася 15 студзеня. Мерапрыемства прайшло пры актыўным ўдзеле сябраў Наваполацкай філіі ПЦ “Вясна”.
У ходзе сустрэчы актывісты давялі інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека, якія найчасцей адбываюцца ў рэгіёне: звальненні з працы за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць, пераслед сябраў незалежных прафсаюзаў, пра адміністратыўныя бар’еры на шляху рэалізацыі права на мірныя сходы і інш.
Вольга Дамаскіна распавяла як яе звольнілі з пасады дырэктара Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, у час, як яна балатавалася у Палату Прадстаўнікоў на выбарах 2016 года.
Па словах праваабаронцы “Вясны” Змітра Салаўёва, актывісты не абмінулі і праблему са шкоднымі выкідамі ў паветра прадпрыемстваў “Палімір” і “Нафтан”, зазначыўшы неабходнасць больш эфектыўных дзеянняў кіраўніцтва вышэйпералічаных заводаў, Мінпрыроды і гарадскіх уладаў па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі ў Наваполацку.
Было канстатавана, што хаця грамадскасць і мае права быць далучанай да працэсу прыняцця рашэнняў, датычных да экалагічных пытанняў, але, на вялікі жаль, дадзенае права ўладамі у шмат якіх выпадках не забяспечваецца.