viasna on patreon

Беларускі Хельсінкскі Камітэт адзначае 23-ю гадавіну заснавання

2018 2018-11-01T15:50:42+0300 2018-11-01T17:00:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/222_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Першага лістапада 1995 года ў Мінску была зарэгістравана адна са старэйшых праваабарончых арганізацый краіны “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”.

Заснавальнікамі камітэту з’яўляліся больш за 50 вядомых грамадскіх і культурных дзеячаў, сярод якіх Васіль Быкаў, Святлана Алексіевіч, Карлас Шэрман, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін ды шмат іншых.

Першым кіраўніком БХК была кандыдат філасофскіх навук Таццяна Процька. Зусім нядаўна яна распавядала ПЦ “Вясна” пра свой шлях да праваабарончай дзейнасці і пра мэты і ўмовы заснавання арганізацыі.

Канферэнцыя ў Мінску. На фота Таццяна Процька, Карлас Шэрман і фатограф Уладзімір Кармілкін. З прыватанага архіву Таццяны Процькі
Канферэнцыя ў Мінску. На фота Таццяна Процька, Карлас Шэрман і фатограф Уладзімір Кармілкін. З прыватанага архіву Таццяны Процькі

“На канферэнцыі Міжнародная хельсінкская федэрацыя (у траўні 1995 г – прым.) звярнулася да нас з прапановай арганізаваць праваабарончую арганізацыю, якая будзе інфармаваць міжнародную супольнасць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, весці маніторынг тых пазіцый, якія ўваходзяць у хельсінкскія пагадненні і іншыя міжнародныя дамовы, падпісаныя Беларуссю. Тым самым мы мусілі аказваць уплыў на дзяржаву ўжо звонку, каб ішлі паляпшэнні ў бок дэмакратычных зменаў… Справа шла даволі хутка. Ужо ў кастрычніку 1995 году мы правялі агульны сход”, - узгадала Таццяна Процька.

Час ідзе, і зараз у сваёй дзейнасці БХК сканцэнтравана на тых праваабарончых пытаннях, вырашэнне якіх, у першую чаргу, патрабуюць сучасныя рэаліі. Гэта адзначыў цяперашні кіраўнік арганізацыі Алег Гулак, распавядаючы на планы БХК на бліжэйшы час.

"Мы працягваем актыўную дзейнасць ужо 23 гады, і гэта сведчыць пра сталасць нашай арганізацыі. Безумоўна, мы плануем працягваць тую працу па абароне правоў чалавека, якую рабілі ўвесь гэты час. Акрамя гэтага, зараз мы развіваем новыя накірункі. Перш за ўсё я маю на ўвазе прасоўванне падыхода, што грунтуецца на каштоўнасцях правоў чалавека, у розных сферах жыцця. Разам з іншымі арганізацыямі мы займаемся стварэннем індэкса правоў чалавека, працуем па накірунку “бізнэс і правы чалавека”. Таксама прыярытэтнымі тэмамі з’яўляюцца прасоўванне канцэпцый роўнасці і недыскрымінацыі і стварэнне адпаведнага закандаўства і механізмаў у гэтай галіне".

Праваабарончы цэнтр “Вясна” віншуе калегаў з Беларускага Хельсінкскага Камітэту са святочнай датай і жадае новых праваабарончых перамог.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства