Прадстаўніцы Amnesty International сустрэліся з былым вязнем сумлення Фота
У Міжнародны дзень салідарнасці палітвязняў, 30 кастрычніка, на офісе “Вясны” адбылася сустрэча прадстаўніц міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International з былым палітвязням Зміцерам Паліенка, які выйшаў на волю менш за тыдзень таму, 24 кастрычніка. Міжнародная праваабарончая арганізацыя ў свой час прызнала актывіста вязнем сумлення. Падчас яго зняволення Amnesty International ладзіла глабальную акцыю ў падтрымку актывіста. У Зміцера з’явілася магчымасць асабіста выказаць словы падзякі каардынатарцы Amnesty International па Беларусі Айшы Юнг і дырэктарцы арганізацыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.
Акрамя гэтага, Айша Юнг і Мары Стразэрс атрымалі ад праваабаронцаў “Вясны” адказы на пытанні аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда абмеркаваў з імі перспектывы адмены смяротнага пакарання ў нашай краіне. Сябра рады арганізацыі Валянцін Стэфановіч адзначыў пытанні праваабарончага парадку дня.
Міжнародныя праваабаронцы Amnesty International выказалі падтрымку дзейнасці беларускай праваабарончай супольнасці.